У варшаўскім Музеі Вольнай Беларусі пройдзе выстава «2020: Гаворыць Мінск» пра горад супраціву

Культура

5 жніўня 2026 года Музей Вольнай Беларусі прэзентуе выставу «2020: Гаворыць Мінск» — новы праект пра падзеі 2020 года ды пра горад, які стаў галоўным героем супраціву.

Гэта быў момант, калі звычайна спакойны і цярплівы народ выйшаў на вуліцы, каб адстаяць сваю годнасць, свабоду і справядлівасць.

Людское мора запоўніла краіну: кожны куток казаў сваё рашучае «Не!» гвалту і рэжыму, а Мінск ператварыўся ў сімвал беспрэцэдэнтнай грамадзянскай салідарнасці.

Выстава «2020: Гаворыць Мінск» вяртае ў атмасферу таго самага горада — ахопленага еднасцю, адвагай і надзеяй. Горада, дзе мы пазнавалі сваіх з першага позірку, дзе спявалі адныя песні, дапамагалі адно аднаму.

Што будзе ў экспазіцыі?

  • Прастора голасу. Аснову выставы складае перададзены ў музей архіў доктара гістарычных навук Аляксандра Грушы, які ў 2020 годзе дакументаваў гарадское пратэснае мастацтва — муралы, графіці, стыкеры, надпісы і візуальныя сведчанні таго, як Мінск загаварыў.
  • Алея сцягоў. Ключавая частка экспазіцыі — супольна сабраная алея бела-чырвона-белых сцягоў. Гэта тыя самыя сцягі, што луналі на шматтысячных маршах, вывешваліся на балконах, хаваліся падчас ператрусаў, вывозіліся за мяжу як кавалак роднага дому.
  • Жывы архіў. Атмасферу мірных акцый дапоўніць відэаінсталяцыя, складзеная з кадраў Максіма Шведа, Аляксандра Багданава (Papa Bo) і Данілы Ганчарова. Іх відэаматэрыялы захоўваюць моманты таго, як стваралася новая гісторыя.

Мінск гаворыць і сёння. Пакуль мы памятаем і трымаемся разам — ягоны голас гучыць.

Выстава будзе працаваць з 5 па 23 жніўня.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.