Расія хоча выступіць трэцім бокам у разглядзе справы Літвы і Беларусі ў Міжнародным судзе ААН па справе аб незаконным увозе мігрантаў. Дэкларацыя Расіі была пададзеная ў суд, паведамляе МЗС РФ.
«Уступленне Расіі ў гэтую справу заклікана садзейнічаць правільнаму і добрасумленнаму тлумачэнню Канвенцыі і Пратакола ў дакладнай адпаведнасці з іх палажэннямі і нормамі агульнага міжнароднага права.
Спробы скажыць змест міжнародных дамоваў з мэтай вядзення „юрыдычнай вайны“ супраць геапалітычных апанентаў падрываюць асновы міжнароднага права і прыводзяць да палітызацыі органаў міжнароднага правасуддзя», — гаворыцца ў заяве расійскага МЗС.
Расія скарысталася сваім правам у адпаведнасці з артыкулам 63 Статута Міжнароднага суда, якое яна мае як дзяржава — удзельніца Пратакола супраць незаконнага ўвозу мігрантаў.
Расійскае МЗС адзначае, што Расія ўпершыню заяўляе пра ўступленне ў міжнародны судовы разгляд у якасці трэцяга боку.
«Гэта абумоўлена добрасумленным намерам захаваць устойлівае карэктнае тлумачэнне задзейнічаных міжнародных дамоваў, пазбегнуць неапраўдана пашыральнай інтэрпрэтацыі, якая падрывае іх эфектыўнасць, і тым самым умацаваць іх прававы рэжым. Перакананыя, што гэта ў інтарэсах усёй сістэмы міжнароднага правасуддзя», — заяўляе МЗС РФ.
Літва падала ў Міжнародны суд ААН пазоў супраць Беларусі ў маі 2025 года з мэтай прыцягнуць беларускія ўлады да адказнасці за арганізацыю міграцыйнага крызісу. Цяпер суд разглядае пытанні юрысдыкцыі і прымальнасці заявы Літвы.