Эксперты абмеркавалі перспектывы стварэння беларускага ўніверсітэта ў выгнанні

20 ліпеня адбыўся круглы стол «Беларускі ўніверсітэт у выгнанні: досвед, адказнасць і будучыня». Мерапрыемства было арганізавана Беларускай асацыяцыяй адукацыі і навукі. У ім узялі ўдзел 19 прадстаўнікоў беларускай акадэмічнай і экспертнай супольнасці, адукацыйных і грамадзянскіх ініцыятыў, палітычныя і культурныя дзеячы.

Удзельнікі круглага стала разглядалі пытанні беларускай адукацыі і навукі ў выгнанні, у тым ліку Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта, Вольнага Беларускага Ўніверсітэта, Беларускай акадэміі і ініцыятывы Беларускага даследчага ўніверсітэта імя Астафея Валовіча.

Удзельнікі прыйшлі да высновы, што пытанне стварэння паўнавартаснага беларускага ўніверсітэта ў выгнанні нельга лічыць вырашаным. За межамі Беларусі існуе цэлая экасістэма арганізацый, праграм і навукова-даследчых цэнтраў, аднак застаецца адкрытым пытанне пра стварэнне ўстановы, якая аб’яднала б беларускую нацыянальную місію, фундаментальныя даследаванні, адукацыйныя праграмы і прызнаны акадэмічны статус.

На круглым стале абмяркоўваліся магчымыя мадэлі такой інстытуцыі. Прагучала прапанова стварыць кампактны даследчы ўніверсітэт для абмежаванай колькасці студэнтаў, які б аб’ядноўваў адукацыйныя праграмы розных узроўняў, цэнтр беларускіх даследаванняў і партнёрствы з моцнымі еўрапейскімі ўніверсітэтамі. Такая мадэль разглядалася як адзін з варыянтаў, але не як канчатковае рашэнне.

Падчас абмеркавання выявіліся рознагалоссі. Яны датычыліся таго, ці павінен універсітэт з самага пачатку мець афіцыйны статус і паўнавартасныя адукацыйныя праграмы, альбо на першым этапе развівацца як больш гнуткая інтэлектуальная і сеткавая платформа.

Таксама гучалі розныя меркаванні пра будучыню ЕГУ: ад прапановы зрабіць яшчэ адну спробу яго пераўтварэння менавіта ў беларускі ўніверсітэт да меркавання, што новую беларускую ўстанову варта ствараць на іншай аснове.

Па выніках сустрэчы Беларуская асацыяцыя адукацыі і навукі плануе падрыхтаваць працоўны дакумент з прынцыпамі стварэння беларускага ўніверсітэта ў выгнанні і працягнуць экспертнае абмеркаванне гэтай ініцыятывы.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.