Лукашэнка загадаў адпраўляць у войска ўсіх, хто не хоча працаваць на ўборачнай

Навіны
Фото: president.gov.by

Аляксандр Лукашэнка распарадзіўся адпраўляць у войска ўсіх, хто не хоча працаваць падчас уборачнай кампаніі. Ён лічыць, што такія людзі павінны служыць у распараджэнні сіл спецыяльных аперацый на беларуска-ўкраінскай мяжы, паведамляе прэс-служба Лукашэнкі.

«Ну чаго мы будзем пры дэфіцыце кадраў кайданкі надзяваць? Папрасіце Хрэніна, перадайце яму маё даручэнне: усіх, хто не ўмее працаваць, — у войска і на паўднёвую мяжу. У лес. Там нашы хлопцы, сілы спецыяльных аперацый, паводле майго загаду размешчаныя ўздоўж украінскай мяжы.

Гэта не значыць, што мы на кагосьці нападзем. Мы ні на каго не нападаем, мы ствараем сваю бяспеку. Нялёгка — камарыкі, мухі, мошкі і іншае. Вось туды іх, у войска. Звычайнымі салдатамі. Тыдзень падрыхтоўкі (гранатамёт, кулямёт), і туды — у распараджэнне сіл спецыяльных аперацый», — прапанаваў Лукашэнка на селектарнай нарадзе 21 ліпеня.

На думку Лукашэнкі, ва ўборачнай павінны быць задзейнічаныя ўсе чыноўнікі, а ў выпадку адмовы ад працы яны павінны служыць у войску.

«Усіх туды, хто не выканае даручэнні. Гэта мой загад. Любы чыноўнік (ва ўрадзе, аблвыканкаме, райвыканкаме) — у гаспадарку на трактар, камбайн. Не ўмееш гайкі круціць? Будзеш памочнікам, будзеш падносіць “снарады”. Любое невыкананне — у войска. Няхай там служыць. У лесе будзе сядзець. Там таксама патрэбныя кадры. Няхай у перыяд уборачнай там паслужыць. І чыноўнік, і той, хто не хоча працаваць», — даручыў Лукашэнка.

Лукашэнка таксама запатрабаваў жалезнай дысцыпліны і абвінаваціў сілавікоў у «крышаванні» раскрадальнікаў паліва.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.