Прадстаўнікі Германіі і Расіі правялі сустрэчу ў Баку без апавяшчэння азербайджанскіх уладаў. Пра гэта заявіў прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў на сумеснай прэс-канферэнцыі з канцлерам ФРГ Фрыдрыхам Мерцам 21 ліпеня.
Азербайджанскія ўлады не былі праінфармаваныя пра сустрэчу, заявіў Аліеў.
«Мы не атрымалі ніякай інфармацыі ні ад Расіі, ні ад Германіі. Тэрыторыя нашай краіны была выкарыстаная для гэтай сустрэчы без якога-небудзь інфармавання нас. Я таксама не магу нічога сказаць пра змест гэтай сустрэчы, паколькі мы ў ёй не ўдзельнічалі. Аднак звесткі пра пералёты дазваляюць мне зрабіць выснову, што ў Баку адбылася таемная сустрэча», — цытуе Аліева «Інтэрфакс».
Паводле слоў Аліева, прадстаўнікі Германіі прыбылі ў Баку з Берліна 12 ліпеня і заставаліся ў краіне да 14 ліпеня. З Масквы ў Баку 12 ліпеня прыбылі былы прэм’ер-міністр РФ Віктар Зубкоў і старшыня Савета пры прэзідэнце Расіі па развіцці грамадзянскай супольнасці і правах чалавека Валерый Фадзееў. Адзін з іх пакінуў Азербайджан 13 ліпеня, другі — 14 ліпеня.
Паводле інфармацыі Bloomberg, з нямецкага боку ў перамовах узялі ўдзел былы кіраўнік апарату канцлера Ангелы Меркель Рональд Пофала і былы прэм’ер-міністр федэральнай зямлі Брандэнбург Маціяс Платцэк.
Аліеў адзначыў, што калі такія кантакты будуць спрыяць завяршэнню вайны паміж Расіяй і Украінай, Азербайджан іх толькі вітае.
Мерц заявіў, што яму нічога не вядома пра гэтую сустрэчу.