Праз двух нягоднікаў ганьба на ўсю міліцыю — Кубракоў адрэагаваў на крытыку Лукашэнкі

Галоўнае
Фото: МВД

Міністр унутраных спраў Беларусі Іван Кубракоў расказаў, якія выпадкі меў на ўвазе Аляксандр Лукашэнка, калі абвінаваціў МУС у «крышаванні» раскрадальнікаў паліва.

Паводле слоў Кубракова, правініліся два ўчастковыя інспектары, якія ўжо звольненыя з органаў.

«Што датычыцца крытыкі, якая прагучала ў адрас органаў унутраных спраў. Выяўленыя два ўчастковыя інспектары міліцыі, якія самастойна заключылі дамовы з кіраўнікамі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў і залівалі іх паліва ў свае аўтамабілі, чаго, вядома, не мелі права рабіць! Абодва звольненыя з АУС», — расказаў Кубракоў на селектарнай нарадзе ў МУС.

«Праз двух нягоднікаў сёння ганьба на ўсю міліцыю», — дадаў ён.

Кубракоў даручыў органам МУС дапамагаць аграрыям і, калі патрабуецца, перавесці ўчастковых на ўзмоцнены варыянт нясення службы, паведамляе прэс-служба МУС.

Кіраўнік МУС падкрэсліў, што ў пытаннях крадзяжу паліва недатыкальных быць не павінна.

«Да кожнага ўчастковага на інструктажы давядзіце і папярэдзьце ўсіх: іх праца — пад пастаянным кантролем! Ніякага панібрацтва быць не павінна! Нармальныя чалавечыя адносіны — так, дапамога — вядома, але павінен быць парадак. Не дай Бог паступіць інфармацыя, што нехта недзе спрыяе крадзяжам на сельскагаспадарчых прадпрыемствах, увайшоў у цесны кантакт з кіраўнікамі АПК і заплюшчвае вочы на парушэнні. Паважаныя калегі, адразу пасля такога сігналу будзе службовая праверка, і мы прымем самае жорсткае рашэнне», — папярэдзіў Кубракоў.

Нагадаем, сёння на нарадзе Аляксандр Лукашэнка абвінаваціў сілавікоў у заступніцтве расхітальнікам паліва. «Асабліва абурае, што некаторыя супрацоўнікі праваахоўных органаў замест таго, каб змагацца з гэтымі нясунамі, уваходзяць з імі ў долю і „крышуюць“, як у ліхія 90-я. Мужыкі, вы ж разумееце, што 90-х нават у гэтай дробязнай праблеме мы не дапусцім», — заявіў ён.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.