У Беларусі збіраюцца павялічыць колькасць гадзін практычных заняткаў у аўташколах пры падрыхтоўцы кіроўцаў. Гэтае пытанне сёння разглядалася на пасяджэнні Пастаяннай камісіі па захаванні бяспекі дарожнага руху пры Савеце міністраў. Таксама абмяркоўваліся меры па барацьбе з дзікімі жывёламі на дарогах і развіццё сістэмы аўтаматычнай фіксацыі парушэнняў ПДР, паведамляе прэс-служба беларускага ўрада.
Удзельнікі камісіі звярнулі асаблівую ўвагу на прафілактыку аварый па віне кіроўцаў са стажам менш за два гады. Для вырашэння праблемы прапануецца павялічыць колькасць практычных заняткаў у аўташколах, выкарыстоўваць інтэрактыўныя навучальныя трэнажоры і навучаць курсантаў дзеянням у экстрэмальных сітуацыях.
Таксама разглядаліся меры па зніжэнні колькасці ДТЗ з удзелам дзікіх жывёл. З пачатку года ў такіх ДТЗ загінулі пяць чалавек, яшчэ 44 атрымалі траўмы.
Прапануецца больш актыўна выкарыстоўваць інжынерныя сродкі, якія б перашкаджалі выхаду жывёл на дарогу. Гэта сеткаватыя агароджы і сістэмы адпужвання (светлавыя, шумавыя, лазерныя) ў месцах іх тэхнічных разрываў, а таксама бяспечныя пераходы для жывёл.
Таксама прапануецца павялічыць колькасць тэхнічных сродкаў, якія дазваляюць своечасова папярэджваць кіроўцаў пра з’яўленне ласёў і аленяў на дарозе, а таксама датчыкаў кантролю сярэдняй хуткасці руху на магістралях, якія перасякаюцца з міграцыйнымі шляхамі лясных жыхароў.
Асаблівая ўвага была нададзена развіццю сістэмы аўтаматычнай фіксацыі парушэнняў ПДР. Зацікаўленыя ведамствы пашыраюць сетку падключаных камер. Сёння камеры ў анлайн-рэжыме выяўляюць перавышэнне хуткасці, аўтамабілі без допуску да ўдзелу ў дарожным руху, неправамерны праезд па паласе грамадскага транспарту, парушэнні правілаў прыпынку і стаянкі, а таксама руху грузавых транспартных сродкаў.
З ліпеня выяўляюцца выпадкі язды без рамянёў бяспекі, а таксама неправамернага карыстання тэлефонамі падчас руху. У аўтаматычным рэжыме таксама фіксуюцца парушэнні патрабаванняў сігналаў святлафора, правілаў манеўравання, факты непрадастаўлення перавагі пешаходам.