Аляксандр Лукашэнка правёў кадравыя перастаноўкі ў Міністэрстве абароны. Адпаведныя ўказы былі падпісаныя 21 ліпеня, паведамляе прэс-служба Лукашэнкі.
Генерал-маёр Аляксандр Масолаў прызначаны намеснікам міністра абароны па тыле — начальнікам тылу Узброеных сіл. Раней ён займаў пасаду першага намесніка начальніка тылу Узброеных сіл — начальніка штаба тылу.
Генерал-маёр Андрэй Бурдыка вызвалены ад пасады намесніка міністра абароны па тыле — начальніка тылу Узброеных сіл. Ён звольнены з вайсковай службы ў запас.
Генерал-маёр Дзмітрый Бітны вызвалены ад пасады намесніка камандуючага войскамі Заходняга аператыўнага камандавання Узброеных сіл і прызначаны начальнікам галоўнага ўпраўлення баявой падрыхтоўкі Узброеных сіл.
Генерал-маёр Аляксандр Бас вызвалены ад пасады камандуючага войскамі Паўночна-заходняга аператыўнага камандавання Узброеных сіл. Ён звольнены з вайсковай службы ў запас паводле ўзросту з правам нашэння вайсковай формы адзення і знакаў адрознення.