Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін перад пасяджэннем Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета правялі сустрэчу ў Прэзідэнцкай бібліятэцы імя Б.Н. Ельцына ў Санкт-Пецярбургу.
Падчас сустрэчы Пуцін яшчэ раз нагадаў, што глядзеў выступленне Лукашэнкі на Усебеларускім народным сходзе ў прамым эфіры і падзякаваў яму за «высокую ацэнку якасці» расійска-беларускіх адносінаў.
«Глядзеў ваша выступленне ў прамым эфіры — ну так атрымалася. Вельмі глыбокае, як у такіх выпадках кажуць, збалансаванае», — сказаў ён.
«Лішняга нічога не сказаў», — пажартаваў Лукашэнка.
«Ну, вы заўсёды самі вызначаеце. Мне здаецца, яно было і глыбокім, і, паўтару, вельмі разнастайным, збалансаваным — і па знешніх справах, і па ўнутраных, з усіх бакоў. Паглядзелі ўсе праблемы. З задавальненнем і цікавасцю слухаў. І хачу вас падзякаваць за высокую ацэнку якасці нашых расійска-беларускіх адносінаў. Звярнуў увагу на тую цеплыню, з якой вы гаварылі пра Расію, пра нашы адносіны. Упэўнены, што і многія на гэта звярнулі ўвагу», — адзначыў Пуцін.
Лукашэнка заявіў, што Беларусь і Расія рэалізоўваюць усе дамоўленасці — ад ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва да эканомікі.
«Мы з вамі яшчэ ў Бішкеку дамовіліся, што не будзем перагружацца практычнымі пытаннямі двухбаковых адносінаў. Па-першае, правільна, іх зусім няшмат, урады нядрэнна працуюць. Мы, як дамовіліся, калі ўжо нешта не вырашаць, тады няхай падымаюць пытанні наверх. Такіх адзін-два пытанні, якія трэба ўзгадніць. А так наогул мы рэалізоўваем усе дамоўленасці, пачынаючы ад ваенна-тэхнічнага, абароннага супрацоўніцтва да эканомікі. Пытанняў тут практычна няма», — заявіў ён.
Ён падзякаваў Пуціну за запрашэнне і за ацэнку выступлення на УНС, а таксама пахваліў яго за прамую лінію, праведзеную 19 снежня.
«Дзякуй, што запрасілі. Мы традыцыйна ў Піцер прыязджаем. Я, шчыра кажучы, рыхтаваўся да гэтай паездкі, камандзіроўкі — падумаў: ну, напэўна, вы правялі прамую лінію, я — УНС, напэўна, асноўныя мерапрыемствы скончылі, ужо можна як-небудзь расслабіцца. А нічога падобнага — жыццё не дае нам асабліва расслабіцца. Ну, можа, і добра, што мы ў тонусе.
Дзякуй вам за ацэнку, у нас гэта вельмі станоўча ўспрынята. Тое, што прэзідэнт Расіі бачыў, чуў даклад — такое пасланне на УНС было адкрытым, шчырым. Я на наступны дзень, у другі дзень, паведаміў пра гэта — вельмі бурна было ўспрынята ваша выказванне на прамой лініі. І віншую вас з гэтым мерапрыемствам — гэта знакавае мерапрыемства, асабліва цяпер. І павінен сказаць як прэзідэнт, гэта такое смелае мерапрыемства ў цяперашняй сітуацыі. Добра, што мы не абыходзілі ніякія агульныя пытанні. Мы паглядзелі таксама, прааналізавалі, вылучылі агульныя пытанні, над якімі трэба працаваць», — сказаў ён.
«І што мы ўзялі з вамі такі трэнд — лакаматыў інтэграцыйных працэсаў на постсавецкай прасторы. Нікому нічога не навязваем — хочаце, улічвайце ў сваёй унутранай палітыцы, не хочаце — не бярыце. Але прыклад добры, калі хто настроены на сумесную працу, на інтэграцыю. Таму ўзгоднім пару пытанняў — і можам працягваць нашы агульныя справы ў рамках ЕАЭС», — дадаў Лукашэнка.