Прадстаўнік Беларусі пры АБСЕ Андрэй Дапкюнас у чацвер у сваім выступленні на Штогадовай канферэнцыі арганізацыі па аглядзе праблем у галіне бяспекі звярнуўся да ядзернай рыторыкі.
У адпаведнасці з даручэннем МЗС, ён пачаў выступленне са згадкі інцыдэнту з аўтобусам на Браншчыне. Паводле яго слоў, грамадзянскі аўтобус, у якім на адпачынак у Геленджык ехалі 44 грамадзяніны Беларусі, у тым ліку дзеці, быў атакаваны «ўдарным дронам украінскага паходжання».
«Дэлегацыя Беларусі рашуча асуджае атаку на аўтобус з дзецьмі. Мы расцэньваем яе як акт тэрарызму супраць мірнага насельніцтва. Беларусь чакае неадкладнага і адказнага расследавання гэтай трагедыі», — сказаў ён.
Дапкюнас таксама заклікаў краіны АБСЕ «даць прынцыповую ацэнку таму, што адбылося, перастаць падсілкоўваць і без таго выбухованебяспечную абстаноўку ў рэгіёне, напампоўваючы яго ўзбраеннямі і правакацыйнымі заявамі».
Ён пацвердзіў пазіцыю Мінска аб неабходнасці найхутчэйшага мірнага дыпламатычнага ўрэгулявання канфлікту ва Украіне. Падтрымаць пазіцыю Дапкюнас вырашыў з дапамогай ядзерных аргументаў.
«Паважаныя калегі, вашы разлікі на тое, каб перамагчы, вырошчваючы штучны вобраз ворага, робячы стаўку на татальную дэманізацыю апанента, лёгка і між іншым навешваючы ярлыкі гібрыдных пагроз, усё гэта — шлях у нікуды.
Нам прыкра чуць рэгулярныя, зробленыя нібы пад капірку заклінанні заходніх дэлегацый аб неабходнасці справядлівага міру ва Украіне. Атрыбут «справядлівы» — гэта тое, што забівае магчымасць дасягнення рэальнага міру ва Украіне. Давайце спрабаваць пазбавіцца ад выкарыстання пустых, нічога не значных слоў.
Нам прыкра чуць пра вашыя марныя надзеі на знясіленне і паражэнне Расіі, чуць абсурдныя фантазіі пра рэпарацыі і трыбуналы. Вы ўсур’ёз верыце ў рэальнасць перамогі ў проксі-вайне над ядзернай звышдзяржавай? Вы проста гуляеце з запалкамі вакол бочкі з бензінам. Мы лічым, што ваш падыход прынцыпова адарваны ад рэальнасці. Мы шчыра заклікаем паважаных заходніх калег усур’ёз задумацца над сутнасцю і спецыфікай ваеннага канфлікту з удзелам ядзерных дзяржаў. Канфлікту, які можа стаць непазбежным, калі не адмовіцца ад бяздумнай вайны на знясіленне», — сказаў ён.
Адначасова Дапкюнас звярнуўся да дэлегацый, якія гаварылі пра Беларусь. Яго пасланне заключалася ў тым, што з Мінскам трэба размаўляць без папярэдніх умоў.
«Калі ў вас сапраўды ёсць рэальная грамадзянская смеласць, паспрабуйце размаўляць з Беларуссю не ў вялікай зале. Паспрабуйце размаўляць з Беларуссю наўпрост, без умоў, шантажу і пагроз. Вы нават не ўяўляеце, як многага можна дасягнуць простай размовай, заснаванай на павазе да права свайго суразмоўцы, нават калі гэта апанент, быць пачутым», — заключыў Дапкюнас.