Парламенцкая асамблея Савета Еўропы прыняла рэзалюцыю «Да ўсеагульнай адмены смяротнага пакарання пры любых абставінах». Дакумент пацвярджае нязменную пазіцыю Асамблеі: смяротнае пакаранне не сумяшчальнае з прынцыпамі правоў чалавека, дэмакратыі і вяршэнства права.
Як адзначыла дакладчыца Гала Велдхун (Gala Veldhoen), Беларусь застаецца апошняй краінай на кантыненце, дзе гэтая практыка захоўваецца.
ПАСЕ асудзіла працяг прымянення смяротнага пакарання ў Беларусі, выказаўшы асаблівую занепакоенасць сакрэтнасцю, якая суправаджае выкананне прысудаў: асуджаных і іх сем’і не паведамляюць загадзя, целы не вяртаюць сваякам, а гарантыі справядлівага судовага разбору не выконваюцца.
Асобна падкрэсліваецца, што сфера прымянення смяротнага пакарання пашырана на злачынствы, якія не адпавядаюць парогу «найбольш цяжкіх злачынстваў» паводле Міжнароднага пакта ААН аб грамадзянскіх і палітычных правах, удзельніцай якога з’яўляецца Беларусь. Таксама адзначаецца выкарыстанне смяротнага пакарання як інструмента палітычнага ціску і рэпрэсій.
У рэзалюцыі ПАСЕ заклікае беларускі рэжым неадкладна ўвесці мараторый на прымяненне і выкананне смяротных прысудаў, замяніць усе існуючыя прысуды пазбаўленнем волі, а таксама спыніць практыку сакрэтнасці — паведамляць асуджаных, іх сем’і і адвакатаў і вяртаць целы.
Асобна ў дакуменце адзначана роля беларускіх дэмакратычных сіл. ПАСЕ вітала прыняцце Каардынацыйнай радай Беларусі ў чэрвені 2025 года мемарандума аб адмене смяротнага пакарання, падтрыманага таксама Аб’яднаным пераходным кабінетам і офісам Святланы Ціханоўскай.
Кіраўніца міжнароднай камісіі і дэлегацыі дэмакратычных сіл Беларусі ў ПАСЕ Аляксандра Мамаева заявіла, што мемарандум пацвярджае палітычны кансэнсус дэмакратычных сіл аб адмене смяротнага пакарання, і заклікала арганізацыі грамадзянскай супольнасці далучыцца да яго.
«Для мяне важна ўжо цяпер закласці асновы, каб Беларусь стала краінай без смяротнага пакарання і дэмакратычная Беларусь магла стаць часткай Савета Еўропы», — прыводзіць яе словы прэс-служба КР.
