На долю электрамабіляў прыпадае 14,5% парку таксі ў Беларусі, або 4050 машын. Такія даныя ў інтэрв’ю беларускаму тэлебачанню прывёў начальнік галоўнага ўпраўлення Мінтранса Андрэй Гладкі.
Усяго ж у адпаведны рэестр, паводле яго слоў, уключана каля 11 тыс. перавозчыкаў, 27,7 тыс. аўтамабіляў і 37,3 тыс. кіроўцаў таксі.
Рэестр працягвае папаўняцца, за апошнія месяцы ў яго былі ўключаныя каля 300 транспартных сродкаў і каля 500 кіроўцаў.
У Беларусі выконваецца 10 млн перавозак таксі, сярэдні чэк цяпер складае 12,1 рубля за паездку.
“Калі казаць пра выкананне заказаў, то каля 10 мільёнаў заказаў ажыццяўляецца ў цэлым па краіне. Паводле статыстыкі, сярэдні чэк складае 12 рублёў 10 капеек. Гэта адна паездка пасажыра. Сур’ёзныя змены адбываюцца на рынку. У цяперашні час на рынак выйшаў дастаткова буйны гулец.
Паводле вынікаў работы за май—чэрвень мы назіраем, што праз гэтага дыспетчара ў тры разы вырасла колькасць заказаў. Таму рынак канкурэнтны, усе імкнуцца да таго, каб аказваць больш якасную паслугу. Я думаю, што гэта пойдзе на карысць як пасажыру, так і аўтамабільным перавозчыкам, якія сочаць за бяспекай перавозак, за якасцю паслуг, а таксама дзяржаве ў цэлым. Напрыклад, паводле вынікаў 2025 года тыя ж падатковыя адлічэнні ад сферы перавозак аўтамабілямі таксі выраслі ў два разы”, — расказаў Гладкі.