У Мінску запусцілі ў работу мабільны комплекс, які фіксуе адсутнасць аплаты паркоўкі, паведамілі ў Мінгарвыканкаме. Гэта аўтамабіль, абсталяваны камерамі, які патрулюе вуліцы сталіцы.
“Мабільны комплекс цалкам адпавядае ўсім патрабаванням для работы ў нашай краіне. Доследная эксплуатацыя паказала, што працэнт распазнавання дзяржаўных нумароў аўтамабіляў вельмі высокі”, — расказаў дырэктар ДУ «Паркоўкі сталіцы» Міхаіл Філіпаў.
Пакуль комплекс будзе кантраляваць аплату паркоўкі з удзелам спецыяліста прадпрыемства. Праз 15 хвілін пасля яго праезду чалавек праверыць аплату паркоўкі аўтамабіляў, чые нумары ўжо былі зафіксаваныя комплексам. Калі яна адсутнічае, аўтаўладальнік атрымае паведамленне.
“У выпадку неаплаты выяўляюцца даныя ўласніка, фарміруецца прэтэнзія на транспартны сродак, якая захоўваецца ў праграмна-тэхнічным комплексе parkouka.by. Калі ўласнік не адрэагуе на прэтэнзію, складаецца і накіроўваецца ў суд іскавая заява”, — растлумачыў Філіпаў далейшы алгарытм работы.
Нагадаем, у Мінску налічваецца 77 платных парковак, з іх сем — закрытага тыпу.