Наступствы непагадзі ліквідуюць у Віцебску

Навіны
Фото: МЧС

У Віцебску працягваюцца работы па ліквідацыі наступстваў непагадзі. Прыцягнуты дадатковыя брыгады МНС з Лёзненскага, Бешанковіцкага, Віцебскага раёнаў.

Ураган 13 ліпеня закрануў галоўным чынам цэнтр горада.

“Пацярпелі вул. Кірава, Прывакзальная плошча, парк Пераможцаў, вул. Багдана Хмяльніцкага, тэрыторыі каля ракі Віцьба. Больш за 120 дрэў паваліў вецер, цяпер падлічваецца іх дакладная колькасць. З 21.00 і ўначы працавалі 29 брыгад на ліквідацыі завалаў, гэта работнікі камунальных службаў, «Зелянбуда», цеплавых сетак, энергетыкі, грамадскія актывісты. Каля 23.00 да нас прыехалі на дапамогу брыгады з Гарадка.

Былі задзейнічаны каля 120 чалавек і 35 адзінак тэхнікі. За ноч распілавалі і прыбралі амаль 100 дрэў, частка з іх вывезена. Працягваюцца работы па ліквідацыі наступстваў. Цяпер да нас прыбылі дадатковыя брыгады з Лёзненскага, Бешанковіцкага, Віцебскага раёнаў, яны прыступілі да работы”, — расказаў намеснік старшыні Віцебскага гарвыканкама Павел Шыкшнян.

Паводле інфармацыі МНС, парывы ветру дасягалі 15–20 м/с. Ратавальнікаў 47 разоў выклікалі для прыбірання дрэў. Паваленымі дрэвамі пашкоджаны шэсць аўтамабіляў. Таксама дрэвы пашкодзілі лініі электраперадачы. Пацярпелі каля 40 участкаў ЛЭП. Аднаўленне вядзецца на 10 участках.

Завяршыць ліквідацыю наступстваў плануюць да канца дня.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.