Беларускія дзяржаўныя СМІ распаўсюдзілі выразаны фрагмент інтэрв’ю міністра замежных спраў Літвы Кястуціса Будрыса, стварыўшы ўражанне, што ён марыць пра нармалізацыю адносін з Мінскам. МЗС Літвы назвала тое, што адбылося, правакацыяй і заявіла, што словы былі моцна вырваныя з кантэксту, піша LRT.
У рэпартажы дзяржканала АНТ Будрыс кажа, што хоча наладзіць адносіны з Беларуссю:
«Я хачу мець наладжаныя кантакты з Беларуссю, гэта мая мара, сапраўды…без лішніх пагроз. Я вельмі спадзяюся, што аднойчы ў нас будуць цудоўныя адносіны пасля таго, як мы вырашым усе пытанні. – То-бок, вы гатовы наладзіць адносіны? – Я мару пра гэта!».
Інтэрв’ю было запісана на Анталійскім дыпламатычным форуме, дзе міністр удзельнічаў у дыскусіі пра еўрапейскую бяспеку.
Аднак, паводле дадзеных МЗС Літвы, з рэпартажу была выразана істотная частка выказвання. У поўнай версіі Будрыс гаварыў пра рэпрэсіі рэжыму Лукашэнкі супраць грамадзянскай супольнасці і палітычных зняволеных, а таксама падкрэсліў, што Літва не можа абмяркоўваць нармалізацыю адносін, пакуль не вызвалены ўсе палітвязні, Беларусь застаецца саўдзельніцай расійскай агрэсіі супраць Украіны і працягвае гібрыдныя атакі супраць Літвы.
«Міністр казаў пра тое, што рэжым Лукашэнкі прымяняе рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці: вызваліўшы адных палітычных зняволеных, ён арыштоўвае іншых. У сваім выступленні ён падкрэсліў, што, безумоўна, Літва хацела б, каб у нашым суседстве была мірная і дэмакратычная дзяржава, з якой мы маглі б падтрымліваць сяброўскія адносіны, аднак пра адносіны з Беларуссю гаварыць нельга да таго часу, пакуль не будуць вызвалены ўсе палітычныя зняволеныя, Беларусь з’яўляецца саўдзельніцай агрэсіі Расіі супраць Украіны, і з яе тэрыторыі ажыццяўляюцца гібрыдныя атакі супраць Літвы», – заявілі ў літоўскім МЗС.
«Гэты выпадак толькі яшчэ раз паказвае, з кім мы маем справу – з правакацыянерамі і маніпулятарамі», – дадалі ў ведамстве.
Выразаны фрагмент выкарыстала не толькі беларуская прапаганда, але і беларуская дыпламатыя. МЗС Беларусі ў панядзелак заявіла, што вітае словы Будрыса, і выказала гатоўнасць да канструктыўнага дыялогу.
