Генпракуратура накіравала ў суд крымінальную справу ў дачыненні да 43-гадовага мужчыны. Яму інкрымінуецца забойства дзвюх пажылых жанчын, а таксама крадзеж (ч. 2 арт. 205, п.п. 1, 2, 6, 16 ч. 2 арт. 139, ч. 3 арт. 205 Крымінальнага кодэкса).
Паводле версіі абвінавачання, мужчына 18 лістапада 2025 года вызваліўся пасля адбыцця пакарання. Ён накіраваўся ў вёску Забярозаўка Лагойскага раёна. Там ён пранік у абсталяваную для пражывання лазню на тэрыторыі аднаго з участкаў.
На працягу тыдня абвінавачаны таемна пражываў у доме, з якога раней ужо выкрадаў рэчы.
28 лістапада гаспадыня дома прыехала на дачу з сяброўкай. Мужчына збіў палкай 77-гадовую гаспадыню дома і яе 70-гадовую знаёмую, пасля чаго адключыў іх мабільныя тэлефоны. Ён пераканаў жанчын сабраць асабістыя рэчы і перадаць яму ключы ад гаража і аўтамабіля Toyota, на якім нібыта адвязе іх у бальніцу. Пры гэтым ён прыхапіў з сабой лапату і сякеру.
Абвінавачаны адвёз жанчын да вёскі Ніўкі таго ж раёна. Там ён выцягнуў іх з машыны, нанёс ім сякерай мноства ўдараў па галаве і канечнасцях. Пераканаўшыся, што жанчыны мёртвыя, закапаў іх целы.
Затым мужчына вярнуўся ў Забярозаўку, выкраў іх маёмасць, у тым ліку некалькі бутэлек алкаголю, шакаладкі, цукеркі, дрыль-шурупавёрт, смарт-камеру і батарэйкі.
29 лістапада яго затрымалі ў Лагойску.
“Характэрна, што раней мужчына адбываў пакаранне за крадзеж маёмасці адной з пацярпелых на гэтым жа дачным участку ў в. Забярозаўка Лагойскага раёна, які ён здзейсніў у 2022 годзе”, — дадалі ў пракуратуры.
Абвінавачаны застаецца пад вартай.

