На «Славянскім базары» ў Віцебску міліцыя задзейнічае дроны з гучнагаварыцелямі для «інфармацыйнай работы з грамадзянамі». Пра гэта заявіў міністр унутраных спраў Іван Кубракоў на рабочай нарадзе.
Кіраўнік МУС распарадзіўся пры неабходнасці павялічыць колькасць КПП, зрабіўшы акцэнт на асаблівасцях інфармацыйнай работы з грамадзянамі, у тым ліку з дапамогай дронаў з гучнагаварыцелямі, паведамляе МУС.
Кубракоў заклікаў сілавікоў не расслабляцца і быць гатовымі да любога развіцця падзей.
«Але, калегі, ніякага расслаблення быць не павінна. Давядзіце гэта да асабовага складу. Сілавым блокам прымаюцца ўсе неабходныя меры для захавання бяспекі. Усе бачаць, што адбываецца каля межаў. Некаторымі выказваннямі з-за мяжы нагнятаецца істэрыя. Мы павінны быць гатовыя да любога развіцця падзей. А для гэтага трэба змадэляваць розныя сітуацыі і паглядзець, як працуюць нашы падраздзяленні, што неабходна яшчэ зрабіць», — заявіў ён.
Кубракоў запатрабаваў ад сілавікоў ветліва і ўважліва ставіцца да грамадзян, але «прынцыпова ставіць на месца» людзей, якія прыязджаюць «пахуліганіць і ўстанавіць свае правілы».
Нагадаем, сёння ў Віцебску праходзіць праверка гатоўнасці да забеспячэння грамадскага парадку.