Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад новага кіраўніцтва Генпракуратуры і Следчага камітэта не дапускаць ніякіх рэвалюцыйных памкненняў. Пра гэта ён заявіў, прызначаючы генпракурорам Дзмітрыя Гару, а кіраўніком СК — Канстанціна Бычака.
«І аднаго, і другога вас гэта датычыцца: ніякіх памкненняў у плане „рэвалюцыйнай“ барацьбы супраць існуючага дзяржаўнага ладу. Для гэтага ёсць выбары. Трэба ісці на выбары і вырашаць гэтыя праблемы. Вось тут у Беларусі ёсць усё. Тым больш што цяперашні прэзідэнт, як я часта кажу, не трымаецца пасінелымі пальцамі за ўладу», — сказаў ён.
Лукашэнка пры гэтым адзначыў, што хоць і называе сябе «сыходзячым», аднак гэта не значыць, што ён сыдзе заўтра.
«Я — чалавек, які сыходзіць. Хаця многія за гэта ўхапіліся: „Ах, сыходзячы!..“ Хтосьці перажывае, хтосьці радуецца. Гэта не значыць, што заўтра мы ўсё гэта кінем, і я ў тым ліку, і сыдзем. Але зразумела, што я ўжо не той чалавек, які першы або другі год працуе прэзідэнтам.
Гэта гаворыць пра тое, што я буду свята выконваць правы і інтарэсы нашых людзей. Вы ў гэтым плане павінны працаваць», — сказаў ён.
Сярод іншых даручэнняў новаму генпракурору: ператварыць пракуратуру ў штаб і ўзяць на сябе частку абавязкаў апарата Савета бяспекі, прад’явіць рахунак па справе аб генацыдзе, змагацца з карупцыяй, інакш будзе вайна.