Аляксандр Лукашэнка прызначыў новым генеральным пракурорам Дзмітрыя Гару. Да гэтага ён кіраваў Следчым камітэтам.
Пасада генпракурора вызвалілася на мінулым тыдні, калі на Усебеларускім народным сходзе было прынята рашэнне аб прызначэнні Андрэя Шведа старшынёй Вярхоўнага суда.
Вітаючы новага генпракурора, Аляксандр Лукашэнка сказаў, што пракуратура павінна быць штабам і ўзяць на сябе шэраг паўнамоцтваў апарата Савета бяспекі.
“Пракуратура, не закранаючы тут пералік тваіх задач, пра якія мне фармальна тут напісалі ў Адміністрацыі прэзідэнта (я гэта і сам ведаю), павінна быць сапраўдным штабам. І не толькі па барацьбе з карупцыяй. Пракуратура павінна на сябе ўзяць шэраг паўнамоцтваў, якія цяпер ускладзеныя або нейкім чынам (жыццё так склалася) перанесеныя на апарат Савета бяспекі. Ты гэта павінен бачыць знізу. Я гэта бачу. Што часам мы забываліся пра генеральнага пракурора, пра пракуратуру. Хаця Андрэй Іванавіч (Швед. – заўв. Reform.news) – бо не стаў бы ён займаць пасаду старшыні Вярхоўнага суда – ён такі патрыятычны чалавек, і нямала зрабіў у Генеральнай пракуратуры для таго, каб яна працавала інтэнсіўна”, — сказаў Лукашэнка.
Яшчэ адной задачай для Гары стала барацьба з карупцыяй. Ён павінен весці яе ў супрацоўніцтве з новым старшынёй СК Канстанцінам Бычакам, які да гэтага ўзначальваў Следчае ўпраўленне КДБ.
“Вам тут з Канстанцінам Фёдаравічам давядзецца працаваць разам. Вельмі сур’ёзна.
Гэта недапушчальна. Я ўжо казаў. Па вялікім рахунку, калі мы не будзем утрымліваць гэтыя карупцыйныя накіраванасці, мы прыйдзём да вайны. Заўсёды так бывае. Асабліва ў нас — славян. Мы — такі род, які не церпіць несправядлівасці. А карупцыя — гэта жудасная несправядлівасць”, — адзначыў Лукашэнка.
Дзмітрый Гара нарадзіўся ў 1970 годзе ў Тбілісі. У 1993 годзе скончыў Ваенны Чырванасцяжны інстытут у Маскве па спецыяльнасці “правазнаўства”. Ён праходзіў службу ў КДБ. Быў следчым, старшым следчым, следчым па асабліва важных справах, а затым і начальнікам следчага аддзела, дзе працаваў да ліпеня 2008 года. У 2008–2009 гадах быў начальнікам трэцяга ўпраўлення Аператыўна-аналітычнага цэнтра. Затым вярнуўся ў КДБ, дзе ў 2009–2019 гадах узначальваў Следчае ўпраўленне.
Гара ўжо працаваў у Генпракуратуры. З канца 2019 года па сакавік 2021 года ён быў намеснікам генпракурора. У сакавіку 2021 года яго прызначылі старшынёй СК.