Аляксандр Лукашэнка расказаў, чаму прыняў рашэнне змяніць старшыню Віцебскага аблвыканкама. Паводле яго слоў, рашэнне было прынята па выніках «маніторынгу».
Раней замест Аляксандра Субоціна старшынёй Віцебскага аблвыканкама быў прызначаны былы пасол у Расіі і міністр прамысловасці Аляксандр Рагожнік.
На сённяшняй нарадзе па развіцці Віцебскай вобласці Лукашэнка адзначыў, што пасля мерапрыемства, якое прайшло ў кастрычніку мінулага года, ён чакаў, што Субоцін «пабяжыць на ферму». Але гэтага не адбылося.
“Развітаючыся з губернатарам пасля нарады, я думаў, што ён заўтра пабяжыць на адну ферму, на другую, на трэцюю. Хоць з людзьмі пагаворыць, задасць ім задачы. Нікіціна (намесніца старшыні аблвыканкама — заўв.) следам пабяжыць разам з іншымі. А не пабеглі”, — сказаў ён.
На стол Лукашэнкі таксама леглі вынікі «маніторынгу» таго, што казалі віцебскія чыноўнікі пасля кастрычніцкай нарады.
“Яны паслухалі ў Віцебскай вобласці, што казаў Прэзідэнт. Мы праманіторылі: «Правільна казаў. Усё правільна». Разышліся. А некаторыя, па аператыўнай інфармацыі (мы ж гэта таксама праманіторылі), кажуць: «Ну нічога, час пройдзе, усё ўляжацца». Панове, не ўляжацца! Укладвацца няма куды”, — дадаў ён.
У выніку давялося змяніць старшыню Віцебскага аблвыканкама.
“Разумеючы, што як было, так і будзе ў Віцебскай вобласці, мне давялося замяніць губернатара”, — сказаў ён.
Лукашэнка не ўпершыню намякае чыноўнікам на праслухоўванне і іншыя аператыўныя мерапрыемствы, дзякуючы якім ён ведае, што гавораць не толькі дзяржаўныя служачыя, але і простыя работнікі, калі не знаходзяцца на афіцыйных мерапрыемствах.
