Аляксандр Лукашэнка на Усебеларускім народным сходзе згадаў палітвязня, журналіста Анджэя Пачобута, якога не было сярод вызваленых 13 снежня. Адказваючы на пытанне прапагандыста Вадзіма Гігіна, ён заявіў, што гэта «нашы з палякамі адносіны».
«Я ўжо кажу Джону [Коўлу]: “Слухай, напэўна, ужо пытанне не будзеце пасля гэтага ставіць. Ну, ужо ўсіх, акрамя гэтага Пачобута, выпусцілі”. Але Пачобут — гэта нашы з палякамі адносіны. Так, гэта абмен. Вы самі прапанавалі: вы аддаеце з Польшчы нам людзей, мы ім перадалі прозвішчы — яны ні ў чым не вінаватыя, а мы вам аддаем гэтых, злачынцаў, якія асуджаны судом.
Ну, таму аддалі ім у выніку 9 ці 8 чалавек — японцы, літоўцы, там з усіх краін. Ну, мітынгі ўстройвайце, вітайце іх. І гэтага, нобелеўскага лаўрэата. А астатнія 100 з лішнім чалавек — яны прыехалі ва Украіну, а далей, што хочуць, тое і няхай робяць», — заявіў ён.
У лютым 2023 года журналіста Анджэя Пачобута прысудзілі да 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Працэс праходзіў у закрытым рэжыме. Яго прызналі вінаватым у распальванні варожасці і закліках да санкцый. Пачобут адбывае тэрмін у калоніі ў Наваполацку.