Моцны лівень, які прайшоў 1 жніўня над Гроднам і Гродзенскай вобласцю, выклікаў падтапленні вуліц, падвалаў жылых дамоў і адміністрацыйных будынкаў, а таксама паваліў дзясяткі дрэў.
Як паведамілі ў Гродзенскім гарвыканкаме, з-за моцных ападкаў сістэмы ліўневай каналізацыі не справіліся з нагрузкай. У горадзе былі падтопленыя праезныя часткі, тратуары, падземныя пешаходныя пераходы і нізінныя ўчасткі, дзе апынуліся затопленыя прыпаркаваныя аўтамабілі.
Камунальныя і аварыйныя службы перавялі на ўзмоцнены рэжым работы. Спецыялісты адпампоўвалі ваду з найбольш праблемных участкаў і ачышчалі дажджапрыёмныя рашоткі ад смецця. Улады плануюць правесці абследаванне падтопленых тэрыторый.
Паводле даных МНС, за тры гадзіны ў Гродне выпала 28 мм ападкаў пры сярэднемесячнай норме 57 мм. Ратавальнікі 47 разоў выязджалі на адпампоўку вады з вуліц, прыдарожных тэрыторый, а таксама з падвалаў жылых дамоў і адміністрацыйных будынкаў. На шчасце, пацярпелых няма.
Непагадзь таксама пашкодзіла дахі 20 сельскагаспадарчых будынкаў — 11 у Ваўкавыскім і 9 у Бераставіцкім раёнах. Акрамя таго, пашкоджаныя дахі трох прыватных дамоў — двух у Слоніме і аднаго ў вёсцы Каняўцы Зэльвенскага раёна.
У 8 раёнах вобласці ратавальнікі прыбралі 160 паваленых дрэў, якія перакрылі дарогі і праезную частку. Найбольшая колькасць такіх выпадкаў зарэгістраваная ў Астравецкім раёне.
Усяго для ліквідацыі наступстваў стыхіі ў рэгіёне былі задзейнічаныя 62 адзінкі тэхнікі і 178 супрацоўнікаў МНС, якія здзейснілі 144 выезды. Ратавальнікі працягваюць маніторынг абстаноўкі.
