Грамадзянін Літвы Вячаслаў Папшо, вызвалены з беларускага зняволення ў снежні 2025 года ў межах дамоўленасцей з ЗША аб вызваленні палітычных зняволеных, распавёў пра свой арышт і ўмовы ўтрымання пад вартай. Сваёй гісторыяй ён падзяліўся ў тэлепраграме LRT “Тэма дня”.
Папшо быў затрыманы ў жніўні 2024 года ў Гродне, куды прыехаў наведаць сваякоў жонкі — грамадзянкі Беларусі, якая больш за 10 гадоў жыве ў Літве. У Беларусі жыве сям’я жонкі і сябры.
“Я не ездзіў туды часта да канца 2022 года. З 2020 года я наогул не ездзіў. І той раз, калі мяне арыштавалі, быў чацвёрты [візіт], усе гэтыя паездкі былі па сямейных справах”, — распавёў Вячаслаў.
Паводле яго слоў, у той дзень каля 6–7 сілавікоў уварваліся ў кватэру, паклалі яго тварам на падлогу, надзелі кайданкі і вывезлі.
“Нечакана, вельмі нечакана з’явіліся супрацоўнікі. Не прайшло, напэўна, і 24 гадзін, як у дом цешчы нехта моцна, вельмі люта пастукаў. Ніхто не адказаў на пытанне «хто там?». Я адразу зразумеў, што, напэўна, прыйшлі па мяне. Проста адкрыўшы [дзверы], мяне павалілі тварам на зямлю, звязалі рукі і хутка вывелі на вуліцу, дзе паклалі ў аўтобус тварам уніз”, — кажа ён.
“Маю жонку яны не чапалі, таму што яна ў гэты момант адчыніла дзверы, і яны проста адштурхнулі яе ўбок і ўвайшлі ў кватэру. Яны загадалі мне павярнуцца да іх спінай, таму што першае, што я ўбачыў, быў шчыт. Другое, што я ўбачыў, быў пісталет, накіраваны на мяне, і там ужо не было часу для абмеркаванняў”, — успамінае ён.
На допытах яго абвінавачвалі ў крытыцы рэжыму Лукашэнкі ў сацыяльных сетках і падазравалі ў працы на літоўскую разведку. Для праверкі апошняга ўжывалі дэтэктар хлусні. У якасці ціску следчыя пагражалі арыштам жонкі, цесця і цешчы, а таксама адпраўкай дзіцяці ў дзіцячы дом. У абмен на супрацоўніцтва патрабавалі перадаць доступ да YouTube- і Telegram-каналаў.
“Яны абвінавачвалі мяне ў тым, што я дрэнны чалавек, што я дрэнна адзываюся пра рэжым Лукашэнкі. І другая асноўная думка заключалася ў тым, што я, верагодна, агент літоўскай бяспекі, і яны думаюць, што я тут нешта шпіяную”, — распавёў ён.
Вядома, што Вячаславу інкрымінавалі здзек з дзяржаўных сімвалаў, абразу прадстаўніка ўлады, абразу і паклёп у дачыненні да прэзідэнта, распальванне нянавісці або варажнечы, садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці.
Папшо прымусілі зняцца ў некалькіх кароткіх відэароліках для сацыяльных сетак, у якіх ён павінен быў крытыкаваць Літву і НАТА. У прыватнасці, яго прымусілі агучыць версію пра гібель вайскоўцаў НАТА ў літоўскім балоце і іх нібыта схаваныя ад грамадства паводзіны.
Каля 20 сутак ён правёў у ізалятары ў Гродне, пасля чаго быў пераведзены ў гродзенскую турму, дзе заставаўся да снежня. Судовага прысуду ён так і не пачуў.
“Я павінен быў сказаць вельмі спрыяльныя [рэчы]. Не ў першы ж дзень, калі мяне арыштавалі, але, магчыма, праз два дні, калі я не памыляюся, яны ініцыявалі інтэрв’ю з журналісткай, якая нібыта здымала мяне недзе ў парку, каб паказаць, што тут усё ў парадку, што я амаль на свабодзе, але ў той час уваход у гэты парк быў зачынены з аднаго боку і з другога. Яны цалкам перакрылі тэрыторыю, была камера, журналістка, за ёй стаяў узброены чалавек, які, па сутнасці, казаў, што я павінен сказаць, як тут, у Беларусі, усё прыгожа, цудоўна”, — распавёў Вячаслаў.
Пра тое, што яго вязуць дадому, Папшо зразумеў, толькі ўбачыўшы літоўскія сцягі на мяжы.
«Калі мяне везлі ў Літву, я думаў, што мяне вязуць забіваць, таму што гэта было як у нейкім баевіку: скаваны, з павязкай на вачах, мы доўга стаялі недзе ў лесе, ніхто вакол не размаўляў, а потым мяне адвезлі ў іншае месца. Здымаюць кайданкі, здымаюць павязку з вачэй, і ты бачыш аўтобус, у які цябе вядуць. Там людзі таксама не размаўляюць паміж сабой, таму што ўсім строга загадалі маўчаць. І я зразумеў, што вяртаюся дадому, толькі калі ўбачыў літоўскія сцягі на мяжы. Гэта было маё другое нараджэнне», — кажа былы палітвязень.
Выпадак Вячаслава Папшо згадваецца ў апублікаваным у пятніцу дакладзе Дэпартамента дзяржаўнай бяспекі Літвы аб пагрозах нацыянальнай бяспецы.
