Прэс-служба прэзідэнта Рэспублікі Гана Джона Драмані Махамы адказна падышла да працы па асвятленні яго візіту ў Беларусь і аператыўна публікуе падрабязную інфармацыю пра кожны эпізод яго паездкі. Мяркуючы па кадрах хронікі, непасрэднае дачыненне да візіту мае бізнесмен Аляксандр Зінгман — ён чакаў Махаму ў аэрапорце.
Прэзідэнт Ганы прыляцеў на бізнес-джэце, і падаць традыцыйны пампезны трап не атрымалася. Адсутнасць трапа прывяла да недарэчнай сітуацыі — адзін з беларускіх чыноўнікаў нечакана паспрабаваў залезці на борт, відаць, ён хацеў сустрэць замежнага госця яшчэ ўнутры. Беларуса спыніла ахова ганскага прэзідэнта.
Пра што гаварылі сустракаючыя — чуваць не было, гук выдалілі, але прэс-служба замяніла яго на бадзёрую лёгкую мелодыю, і ўвесь пафас урачыстага прыёму з дывановай дарожкай і ганаровай вартай знік.
На выхадзе прэзідэнта Ганы сустракалі дзяўчаты з пратаколу з караваем і віцэ-прэм’ер Віктар Каранкевіч (курыруе прамысловасць і ПЭК). Далей госця падвялі да кіраўніка МЗС Максіма Рыжанкова, Аляксандра Зінгмана (блізкі да Віктара Шэймана), дырэктара “Камунаркі” Сяргея Анюхоўскага і іншых.
