Шлях ад рабавання да забойства заняў месяц. Мужчыну асудзілі на 19 гадоў у Пінску

Суд у Пінску прызнаў вінаватым 36-гадовага мужчыну. Ён абвінавачваўся ў катаванні, забойстве, насіллі і пагрозе насіллем у дачыненні да іншай асобы, якая выконвае грамадскі абавязак па спыненні злачынства (ч. 1 арт. 154, ч. 1 арт. 139, арт. 366 Крымінальнага кодэкса). Яму прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 19 гадоў 3 месяцы з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах строгага рэжыму.

Як паведамілі ў пракуратуры, забойства адбылося 21 кастрычніка 2025 года. Абвінавачаны пасварыўся з 30-гадовай сужыцелькай.

“Мужчына неаднаразова хапаў жанчыну за валасы і цягаў за іх. Падчас канфлікту ён нажом зрэзаў частку валасоў з яе галавы, а затым нанёс не менш за 23 удары рукамі і нагамі ў вобласць галавы і цела сужыцелькі, у тым ліку біў яе галавой аб падлогу. Тое, што адбывалася, абвінавачаны фіксаваў на камеру мабільнага тэлефона”, — гаворыцца ў паведамленні.

На гэтым абвінавачаны не спыніўся і ў выніку задушыў жанчыну.

У працэсе ён быў заспеты бабуляй забітай, якая прасіла спыніцца і пагражала выклікаць міліцыю. Абвінавачаны стаў пагражаць пажылой жанчыне, а затым нанёс не менш за 9 удараў рукамі і нагамі ў вобласць цела, схапіў рукамі за шыю і сціснуў.

У пракуратуры адзначылі, што забойства мужчына здзейсніў праз месяц пасля асуджэння за рабаванне.

Суд таксама спагнаў на карысць бацькі загінулай кампенсацыю маральнай шкоды ў памеры 50 тыс. рублёў.

Прысуд не ўступіў у законную сілу, можа быць абскарджаны і апратэставаны ў апеляцыйным парадку.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.