«Зялёная сетка» абвясціла пераможцаў «Зялёнай прэміі» — ініцыятывы, якая падтрымлівае беларускіх журналістаў, што прафесійна асвятляюць экалагічную тэматыку.
Прафесійнае журы, у якое ўвайшлі журналісты, медыяменеджары і экалагічныя эксперты, вызначыла чатырох пераможцаў у розных катэгорыях. «Зялёная прэмія» ўручаецца другі год запар. Сёлета ў цэнтры ўвагі былі матэрыялы пра змяненне клімату, энергетычную бяспеку, захаванне біяразнастайнасці і наступствы Чарнобыльскай катастрофы.
Так, у катэгорыі «40 гадоў аварыі на ЧАЭС» перамог відэасюжэт журналісткі «Радыё Свабода» Юліі Коцкай «Чарнобыль: катастрофа, якую хочуць схаваць».
У катэгорыі «Энергетычная бяспека і энергетычная незалежнасць Беларусі» найлепшым прызнаны аналітычны тэкст журналісткі Hrodna.life Ганны Уладзіміравай «Ці будзе ў Беларусі бясплатная электраэнергія з новай АЭС?».
У катэгорыі «Змяненне клімату і кліматычная адаптацыя» перамог рэпартаж журналісткі Ex-press.live Анастасіі Баброўскай «Гарады ператвараюцца ў патэльні падчас спёкі». Як Барысаў і Жодзіна сутыкаюцца з новай кліматычнай рэальнасцю».
У катэгорыі «Захаванне біяразнастайнасці» адзначаны матэрыял журналісткі BG.media Вікторыі Скабічэўскай «Кажаны ў гарадах Беларусі: чаму гінуць і як не нашкодзіць ім узімку».
“Сёння экалагічная журналістыка — гэта не проста фіксацыя праблем, гэта магутны інструмент уплыву на свядомасць. Кожны якасны тэкст, відэа або падкаст пра клімат і біяразнастайнасць — гэта крок да таго, каб грамадства пачало заўважаць глабальныя выклікі ў сваім паўсядзённым жыцці.
Пераможцы «Зялёнай прэміі» даказалі, што нават у складаныя часы беларускія аўтары здольныя ствараць глыбокі і важны кантэнт, які натхняе на змены і дапамагае захаваць нашу краіну для будучых пакаленняў”, — заявіла каардынатарка «Зялёнай сеткі» і член журы Ірына Сухій.