Генеральная Асамблея ААН абрала пяць краін, якія будуць непастаяннымі членамі Савета Бяспекі ААН з 1 студзеня 2027 года.
У лік членаў Савета Бяспекі ўпершыню ў гісторыі трапіў Кыргызстан. Таксама Генасамблея абрала ў савет Зімбабвэ, Трынідад і Табага, Партугалію і Аўстрыю. Яны зменяць Пакістан, Самалі, Грэцыю, Данію і Панаму.
Савет Бяспекі ААН складаецца з 15 членаў. Пяць з іх з’яўляюцца пастаяннымі: Кітай, Францыя, Расія, Вялікабрытанія і ЗША. Яны валодаюць правам вета. Яшчэ 10 членаў Савета Бяспекі — непастаянныя. Яны абіраюцца на двухгадовыя тэрміны. Месцы размяркоўваюцца паміж рэгіянальнымі групамі для забеспячэння геаграфічнага прадстаўніцтва.
Акрамя новаабраных членаў Савета Бяспекі, у 2027 годзе працу ў органе ААН працягнуць Бахрэйн, Калумбія, Дэмакратычная Рэспубліка Конга, Латвія і Ліберыя. Іх паўнамоцтвы заканчваюцца ў канцы наступнага года.