Аляксандр Лукашэнка параіў працоўным мігрантам, якія хочуць высокія заробкі, ехаць у Расію. У Беларусі заробак замежных работнікаў будзе залежаць ад аб’ёму вырабленай прадукцыі.
Паводле слоў Лукашэнкі, прэзідэнт Узбекістана Шаўкат Мірзіёеў прасіў яго найперш не пра працаўладкаванне людзей, а пра пастаўкі малака і мяса.
«У іх не хапае зямлі, у іх няма вады. У нас дастаткова і зямлі, і вады. Мы можам вырабіць мяса і малако», — заявіў Лукашэнка на селектарнай нарадзе 21 ліпеня.
Ён растлумачыў, што заробак узбекскіх работнікаў фармуецца ў залежнасці ад продажу вырабленай прадукцыі ва Узбекістане.
«Калі вашы людзі будуць працаваць па гэтай нашай сістэме, усё гэта пад кантролем, мы возьмем іх на працу ў Беларусь як сваіх людзей. Не толькі каб зарабіць грошы і атрымаць добры заробак, а каб вырабіць мяса, малако. Вырабілі мяса, малако — мы прадамо яго на іх рынкі. Вось адсюль і заробак.
Да нас яны прыедуць для таго, каб, яшчэ раз паўтараю, вырабіць мяса, малако, іншую сельскагаспадарчую прадукцыю і паставіць яе на радзіму. Чым вышэйшая прадукцыйнасць, чым больш прадукцыі яны вырабяць, тым большым будзе заробак. І яны могуць распараджацца ім так, як хочуць», — растлумачыў Лукашэнка.
Ён адзначыў, што тым, хто хоча атрымліваць заробак у некалькі тысяч долараў, лепш ехаць у Расію.
«Яны там могуць уладкавацца на нафтаздабычу, яшчэ на нейкія іншыя кірункі, працаваць і атрымліваць велізарны заробак», — параіў Лукашэнка.
Лукашэнка падкрэсліў перавагу працы ў Беларусі для мігрантаў — доступ да аховы здароўя і адукацыі.
«Што датычыцца аховы здароўя, адукацыі, яны будуць мець такія ж правы, як беларусы. А гэта таксама выдаткі і немалыя грошы», — сказаў ён.
Лукашэнка таксама прапанаваў мясцовым кіраўнікам не браць мігрантаў на працу, калі яны не патрэбныя.
«Калі вам людзі з боку не патрэбныя — не бярыце. Я вас не прымушаю іх браць», — заявіў Лукашэнка.
Нагадаем, на мінулым тыдні ў Віцебск прыехала больш за 200 працоўных мігрантаў з Узбекістана. Як паведамлялася, ім абяцалі заробак 900–1000 долараў, аднак на месцы высветлілася, што гатовыя плаціць толькі 500 долараў, а жыллё і харчаванне трэба аплачваць самастойна. Гэта выклікала абурэнне тых, хто прыбыў, частка з якіх заявіла пра жаданне вярнуцца на радзіму.
Праблему неўзабаве ўрэгулявалі. Паводле слоў узбекскіх работнікаў, ім прапанавалі заробак каля 700 долараў, а таксама бясплатныя жыллё і харчаванне.