Кітай прыступіў да масавай вытворчасці машын для імерсійнай глыбокай ультрафіялетавай літаграфіі. Гэтая тэхналогія мае вырашальнае значэнне для выпуску прасунутых чыпаў. Пра гэта паведамляе Reuters са спасылкай на крыніцы.
Вытворчасць наладзіла малавядомая дзяржкампанія Shanghai Aishengna Electronic Technology Group, якая прыцягнула да працы каманды вядучых кітайскіх стартапаў у галіне літаграфіі. Яна была заснавана ў 2023 годзе з інвестыцыямі ў 1 млрд долараў.
Адзначаецца, што гэтая вытворчасць забяспечыць уласныя патрэбы Кітая, але не будзе пагражаць сусветнаму дамінаванню нідэрландскай кампаніі ASML, якая лідыруе на рынку фоталітаграфіі.
Адзначаецца, што кітайская дзяржкампанія ў Шанхаі плануе сабраць сёлета пяць машын для літаграфіі, а ў наступным – ужо 20.
Абсталяванне Aishengna яшчэ не можа паўнавартасна канкурыраваць з прадукцыяй ASML, але вырашыць праблемы Кітая ў выпадку далейшых абмежаванняў на пастаўку машын для вытворчасці мікрапрацэсараў. Кітайскае абсталяванне сёлета могуць атрымаць Semiconductor Manufacturing International Corp (SMIC), Hua Hong Semiconductor і ChangXin Memory Technologies.
