Мінскі гарадскі суд вынес прысуд па справе кол-цэнтраў. Па ёй абвінавачваліся 5 кіраўнікоў і 39 удзельнікаў міжнароднай злачыннай арганізацыі, офісы якой знаходзіліся ў Маскве, Бішкеку і Мінску.
Махлярскія кол-цэнтры дзейнічалі ў 2017-2024 гадах. Іх ахвярамі былі грамадзяне краін СНД і Еўрапейскага саюза. Схема падману будавалася на прапанове атрымання пасіўнага даходу за кошт інвеставання грошай у фінансавыя праекты, якія насамрэч не існавалі. Пацярпелых схілялі да пералічэння грошай на рахункі, падкантрольныя арганізацыі. Агульны памер шкоды перавысіў 2 млн рублёў.
Як адзначылі ў Генпракуратуры, следства па справе вялося 1,5 года, а суд працягваўся 9 месяцаў.
Суд прызнаў абвінавачаных вінаватымі ў “кіраўніцтве структурнымі падраздзяленнямі злачыннай арганізацыі, удзеле ў яе дзейнасці ў любой іншай форме і махлярскім завалоданні маёмасцю ў буйным і асабліва буйным памерах, учыненым арганізаванай групай”.
Кіраўнікі злачыннай супольнасці асуджаны на тэрміны ад 6 да 11,5 года са штрафам ад 1 тыс. да 10 тыс. базавых велічынь.
Радавым удзельнікам прызначаны пакаранні ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад 3 гадоў 3 месяцаў да 7 гадоў 6 месяцаў са штрафам у памеры ад 600 да 4000 базавых велічынь.
“Судом задаволены іскавыя патрабаванні пацярпелых – з абвінавачаных салідарна ў лік кампенсацыі матэрыяльнай шкоды спагнана больш за 2,2 млн рублёў, а таксама 15 тыс. рублёў матэрыяльнай кампенсацыі маральнай шкоды”, – дадалі ў пракуратуры.
Прысуд яшчэ не ўступіў у законную сілу. Ён можа быць абскарджаны і апратэставаны.
