Аляксандр Лукашэнка лічыць, што ён належыць да глабальнай большасці. Пра гэта ён заявіў, прымаючы даверчыя граматы ад паслоў дзевяці дзяржаў. Паводле яго слоў, дыпламаты якраз прадстаўляюць гэтую глабальную большасць.
«Многія з вас прадстаўляюць дзяржавы глабальнай большасці, роля якой у міжнародных справах імкліва і, галоўнае, заслужана расце. Краіны, якія ўваходзяць у яе, маюць падобныя падыходы да светабудовы, выбудоўвання партнёрства, урэгулявання канфліктаў. Ім уласцівыя павага да нацыянальнага суверэнітэту, непрыманне ціску, дыктату, незаконных санкцый.
Беларусь па праве лічыць сябе часткай гэтай глабальнай большасці. Наша гісторыя, гераічны і адначасова трагічны досвед супрацьстаяння шматлікім спробам каланізацыі і знішчэння беларусаў прадвызначылі выключную важнасць для нас незалежнасці і права «людзьмі звацца», як сказаў беларускі класік.
Упэўнены, што агульнасць поглядаў краін глабальнай большасці будзе добрым фундаментам і для вашай паспяховай місіі ў нашай краіне”, – сказаў ён, перадае яго прэс-служба.
Сёння Лукашэнку ўручалі даверчыя граматы паслы Узбекістана, Бразіліі, Перу, Манголіі, М’янмы, Рэспублікі Карэя, Саудаўскай Аравіі, Лівіі, Руанды. Частка з іх выконвае сваю місію ў Беларусі па сумяшчальніцтве, пастаянна знаходзячыся ў Маскве.
