Рубіа: Мы абмеркавалі неабходнасць спынення расійска-ўкраінскай вайны

Навіны
Скриншот видео

Двухбаковыя адносіны і неабходнасць спынення расійска-ўкраінскай вайны былі тэмамі сустрэчы дзяржсакратара ЗША Марка Рубіа і міністра замежных спраў Сяргея Лаўрова.

“Мы абмеркавалі адносіны паміж ЗША і Расіяй і неабходнасць спынення расійска-ўкраінскай вайны”, — такі кароткі допіс у X зрабіў дзяржсакратар па выніках сустрэчы.

Дзяржаўны дэпартамент ЗША пакуль не апублікаваў разгорнутага паведамлення пра сустрэчу.

МЗС Расіі заявіла, што Сяргей Лаўроў давёў да Рубіа «рэальную абстаноўку» на франтах, а таксама выказаў прыхільнасць Масквы да дыпламатычнага ўрэгулявання і пацвердзіў згоду з прапановамі, агучанымі ў Анкарыджы.

Дапоўнена:

Марка Рубіа пракаментаваў сустрэчу на прэс-канферэнцыі на палях мерапрыемстваў АСЕАН.

“У нас была добрая і шчырая размова. Але я не магу сказаць, пра што мы гаварылі, таму што дыпламатыя не працуе праз мікрафоны”, — сказаў ён.

“ЗША, наш прэзідэнт выразна даў зразумець, што мы хочам, мы можам адыграць канструктыўную ролю ў спыненні”, — дадаў ён.

Аднак, паводле яго слоў, для гэтага патрэбныя новыя ідэі.

“Нам давядзецца шукаць новыя прапановы і новыя ідэі. Калі мір і настане, то дзякуючы нейкай новай ідэі і нейкім новым канцэпцыям”, — сказаў ён.

“Гэта выключна крывапралітная вайна, і абодва бакі павінны хацець пакласці ёй канец. Гэта выклік — дамагчыся, каб абодва бакі пагадзіліся. Я казаў пра гэта сёння і казаў раней. Не можа быць міру, калі абодва бакі гэтага не хочуць. Украіна не пагадзілася з тым, што абмяркоўвалася ў Анкарыджы. Нам трэба знайсці новае рашэнне, таму што папярэдняе было непрымальным для Украіны. Калі мір настане, гэта адбудзецца таму, што будуць знойдзены новыя рашэнні, і мы гатовыя над імі працаваць”, — растлумачыў Рубіа.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.