Савет міністраў пастановай №372 распарадзіўся кампенсаваць “Белаграпрамбанку” страты ад прадастаўлення экспартнага крэдыту ААТ «Беларускі металургічны завод – кіруючая кампанія холдынга «Беларуская металургічная кампанія». Дакумент сёння апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Крэдыт прадастаўляецца для вытворчасці тавараў, якія ў далейшым будуць прададзены арганізацыям-нерэзідэнтам. Ён выдзяляецца ў выглядзе аднаўляльнай крэдытнай лініі з гранічным памерам аднаразовай запазычанасці 2,65 млрд расійскіх рублёў. Кампенсацыя па крэдыце складае чатыры пятых ключавой стаўкі Цэнтрабанка РФ.
Кампенсацыя страт будзе выплачвацца “Белаграпрамбанку” на працягу 2026-2029 гадоў.
Трэба адзначыць, што “Белаграпрамбанк” ужо выдзяляў аналагічную крэдытную лінію БМЗ у 2023-2024 гадах. Яе памер складаў таксама 2,65 млрд расійскіх рублёў, стаўка – дзве трэці ключавой стаўкі Цэнтрабанка РФ.
У 2024-2027 гадах урад кампенсаваў страты “Беларусбанку” па экспартным крэдыце для БМЗ у выглядзе крэдытнай лініі на 1,8 млрд расійскіх рублёў пад стаўку ў памеры дзвюх трацін ключавой стаўкі Цэнтрабанка Расіі.
