Намеснік кіраўніка МЗС Беларусі Ігар Сакрэта сёння сустрэўся з прадстаўніцай Міжнароднай арганізацыі па міграцыі (МАМ) у нашай краіне Марынай Шрам і расказаў ёй пра гандаль людзьмі і нелегальную міграцыю.
Сустрэча адбылася ў сувязі з пачаткам яе дыпламатычнай місіі, паведамляе прэс-служба МЗС.
Сакрэта коратка прадставіў асноўныя напрамкі супрацоўніцтва паміж урадам Беларусі і МАМ, ахарактарызаваў дасягнутыя вынікі, абазначыў задачы і чаканыя вынікі далейшай працы па кожным з гэтых напрамкаў.
“Бакі надалі асаблівую ўвагу пытанням узаемадзеяння ў барацьбе з гандлем людзьмі і нелегальнай міграцыяй, рэгулявання знешняй працоўнай міграцыі, забеспячэння фінансавання праектнай дзейнасці МАМ у Беларусі. Сакрэта пажадаў Шрам паспяховай працы ў нашай краіне”, – гаворыцца ў паведамленні.
