Міністэрства адукацыі адчыталася аб выкананні плана прыёму абітурыентаў у ВНУ на бюджэтныя месцы.
На 27 ліпеня на першы курс залічана 32 тысячы чалавек, у тым ліку мэтавікі і пераможцы ўніверсітэцкіх алімпіяд.
Больш за 5300 чалавек паступілі без уступных іспытаў і па-за конкурсам. Гэта пераможцы міжнародных і рэспубліканскіх алімпіяд, уладальнікі залатых і сярэбраных медалёў і дыпломаў каледжаў з адзнакай, выпускнікі Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка (па рэкамендацыі Назіральнага савета), пераможцы конкурсаў прафесійнага майстэрства, выдатнікі ліцэяў ВНУ і іншыя.
Прыём амаль ва ўсе ВНУ завершаны. Акадэмія МУС і Магілёўскі інстытут МУС залічаць студэнтаў 29 ліпеня.
Прыём на платнае навучанне працягнецца да 1 жніўня, у сельскагаспадарчыя ВНУ — да 2 жніўня. План прыёму платнікаў — больш за 16 000 чалавек.
Залічэнне на завочную форму навучання ў сельскагаспадарчыя ВНУ адбудзецца з 15 лістапада па 5 снежня. План прыёму – 1200 чалавек.
