Узбекскі бок не мае прэтэнзій наконт працаўладкавання рабочых з Узбекістана. Пра гэта пасля даклада Аляксандру Лукашэнку заявіў старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Рагожнік.
“Усе атрымліваюць той узровень заработнай платы, які быў першапачаткова агавораны, ён неблагі”, – сказаў ён БелТА.
“Усе людзі кваліфікаваныя. Дзе неабходна, навучаем гэтым спецыяльнасцям. Мы зацікаўлены ў жывёлаводах, механізатарах, будаўніках. Я ў гэтым нічога дрэннага не бачу, бо мы ні ў кога не забіраем працоўныя месцы. Людзі прыязджаюць да нас з дабром, і мы павінны роўна гэтак жа іх прыняць”, – дадаў ён.
Паводле яго слоў, ужо абмяркоўваецца будаўніцтва буйнога прадпрыемства па дрэваапрацоўцы, вялікага малочна-таварнага комплексу.
Нагадаем, група рабочых з Узбекістана прыбыла ў Беларусь на фоне візіту прэзідэнта гэтай краіны Шаўката Мірзіёева. Неўзабаве пасля прылёту рабочыя запісалі ролік, дзе скардзіліся на ўмовы размяшчэння і нізкія заробкі. Неўзабаве яны паведамілі, што ўсе праблемы вырашаныя. Пры гэтым у Беларусі змяніўся пасол Узбекістана.
Тэму ўзбекскіх рабочых сёння падчас даклада Рагожніка зноў уздымаў і Аляксандр Лукашэнка. Ён параўнаў сітуацыю на Віцебшчыне з лініяй фронту.
“Лінія фронту – на шчасце, мірнага – праходзіць цяпер праз Віцебскую вобласць. Бачыш, што і надвор’е такое, і іншае… І сам ты ў гэтае пекла трапіў”, – сказаў ён.
“У тым ліку і па ўзбеках. Таму што да цябе яны перш за ўсё прыляцелі. Але памятай адно: малако і мяса – гэта перш за ўсё. Людзей не хапае – калі ласка. Іх зарплата – гэта трэцяе пытанне”, – адзначыў Лукашэнка.
Паводле яго слоў, узбекскія інвестары гатовы ўкладваць у вытворчасць на тэрыторыі Беларусі.
“Яны прасілі прадукцыю. Мы ў гэтым зацікаўлены. Яны гатовы інвеставаць у сельскую гаспадарку. Таму што як без інвестыцый? Без малочна-таварных комплексаў і трактароў мяса і малака не атрымаеш. Мы гатовы вырабіць тут неабходнае. Не толькі ў Віцебскай вобласці. У нас жа ў Магілёўскай, Гомельскай і Гродзенскай абласцях людзі патрэбныя. Але мэтанакіравана”, – звярнуў увагу Лукашэнка.
