Кампаніі з Беларусі і Кітая страцілі больш за 1 млн рублёў на схеме па абыходзе санкцый

Галоўнае
Фото: СК

Беларуская кампанія заплаціла за пастаўленае з Кітая абсталяванне больш за 1,1 млн рублёў, але грошы не дайшлі да атрымальніка. На «неўстаноўленую асобу», якая прыдумала махлярскую схему з абыходам санкцый, завялі крымінальную справу, паведамляе пракуратура Мінскай вобласці.

Паводле матэрыялаў справы, зламыснік перапісваўся з беларускай і кітайскай кампаніямі ў інтэрнэце. Ён пераканаў беларусаў, што з’яўляецца прадстаўніком кітайскай фірмы, а кітайцам сказаў, што прадстаўляе беларускую кампанію.

Затым ён пераканаў абодва бакі, што з-за санкцый яны не могуць разлічыцца наўпрост за пастаўленыя з Кітая камплектуючыя да прамысловага абсталявання. Зламыснік прапанаваў схему аплаты праз замежныя арганізацыі, якія не падпадаюць пад санкцыі. Для гэтага былі падпісаны дадатковыя трохбаковыя пагадненні аб змене асоб у абавязацельствах па раней заключаных дагаворах.

У выніку кітайская кампанія перадала права атрымаць плату за пастаўленае ў Беларусь абсталяванне кампаніям, зарэгістраваным у Турцыі і Кыргызстане і падкантрольным зламысніку. Беларуская кампанія перавяла на рахункі гэтых арганізацый больш за 1,1 млн рублёў, а кітайская кампанія не атрымала нічога.

Пракуратура Мінскай вобласці ўзбудзіла крымінальную справу па факце махлярства ў асабліва буйным памеры (ч. 4 арт. 209 КК). Справа накіравана ў Следчы камітэт для расследавання.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.