У Еўрапарламенце адбылася цырымонія ўручэння Прэміі Сахарава. Сёлета яе лаўрэатамі сталі беларускі палітвязень журналіст Анджэй Пачобут і грузінская журналістка Мзія Амаглабелі. Абодва ўладальнікі прэміі не змаглі прысутнічаць на цырымоніі, яны знаходзяцца ў зняволенні.
“Прэмія Сахарава за свабоду думкі ўшаноўвае выбітных людзей і арганізацыі, якія адстойваюць свабоду і дэмакратыю ва ўсім свеце, пракладаюць шлях і натхняюць іншых, працягваюць змагацца за тое, што лічаць правільным, незалежна ад складанасці задачы ці маштабу ахвяр. Лаўрэаты прэміі — гэта спіс змагароў за дэмакратыю, які ахоплівае больш за тры дзесяцігоддзі.
І сёння мы вітаем яшчэ двух выбітных людзей у гэтым прэстыжным спісе. Журналісты Анджэй Пачобут з Беларусі і Мзія Амаглабелі з Грузіі. Анджэй і Мзія не могуць прысутнічаць сёння, каб адзначыць іх дасягненні і мужнасць. Яны знаходзяцца ў зняволенні. Проста за тое, што выконвалі сваю працу, выступалі супраць несправядлівасці і пераследу”, – сказала старшыня Еўрапарламента Раберта Метсола.
Анджея Пачобута на цырымоніі прадстаўляла дачка Яна, а Мзію Амаглабелі — журналістка Ірма Дзімітрадзэ.
“Амаль пяць гадоў мая сям’я жыве ў цішыні, няпэўнасці і без любімага чалавека. І сёння я хачу выказаць сваю найглыбейшую ўдзячнасць Еўрапейскаму парламенту за тое, што ён памятае пра яго і пра ўсе сем’і, якія жывуць з тымі ж нявырашанымі пытаннямі. За кожным імем, якое мы чытаем у паведамленнях, стаіць дом, гісторыя і людзі, якія чакаюць. Мой бацька — не проста публічная фігура. Ён — муж, сын, сябар. І кожны дзень гэтых пяці гадоў мы не ведалі, як ён, ці ў бяспецы ён. І ўсё ж кожны дзень мы выбіраем надзею, таму што надзея — адзінае, што ў нас не адабралі. І мая сям’я не адзінокая. Ёсць шмат сем’яў, чые гісторыі пераклікаюцца з нашай”, – сказала Яна Пачобут.
Яна нагадала пра лёс Мікалая Статкевіча, сям’я якога таксама пазбаўлена кантакту з ім.
“Стоячы ў гэтай зале, я думаю пра сем’і з розных краін, якія жывуць у няпэўнасці ці разлуцы. Сем’і, якія чакаюць навін, што ніколі не прыходзяць. Сем’і, якія спрабуюць захаваць надзею, нават калі здаецца, што яна знікае. Мая ўласная сям’я змянілася назаўсёды. Адсутнасць майго бацькі — гэта тое, з чым мы вучыцца жыць, але ніколі не пагаджаемся. Мы не выбіралі гэты шлях, але кожны дзень мы выбіраем верыць у яго і верыць, што праўда і годнасць усё яшчэ маюць значэнне. Паколькі ён не можа бачыць усё гэта сёння, я спадзяюся, ён нейкім чынам ведае, што ён не забыты.
Вы паказваеце, што нават калі чалавека забіраюць, яго прынцыпы нельга адабраць. І нават калі кагосьці прымушаюць маўчаць, яго голас працягвае гучаць праз іншых. Ваша прызнанне не можа змяніць мінулае, але яно дае нам нешта надзвычай каштоўнае для будучыні. Веру ў тое, што справядлівасць і чалавечнасць усё яшчэ маюць месца ў гэтым свеце. Усім, хто штодня працуе дзеля абароны чалавечай годнасці, дапамагае тым, хто ў патрэбе, і прыносіць надзею туды, дзе яна найбольш патрэбная, дзякуй. І, нарэшце, усім сем’ям, якія чакаюць навін пра людзей, якіх яны любяць, я жадаю сіл, я жадаю вам спакою і спадзяюся, што калісьці кожная гісторыя атрымае свой адказ”, – дадала яна.
Калега лаўрэаткі з Грузіі Ірма Дзімітрадзэ заявіла, што прымае прэмію ад імя журналістаў, якія змагаюцца ў краіне за захаванне журналістыкі як такой.
«Я прымаю ад імя маіх калег, журналістаў, якія цяпер змагаюцца ў Грузіі за захаванне журналістыкі як такой. Яны нястомна працуюць, каб вы пачулі голас супраціву грамадзян Грузіі, каб праўда не была замоўчана», – сказала яна.
«Гэты рэжым бязлітасны (…). Ён знішчае свабодную журналістыку, распускае апазіцыйныя палітычныя партыі і саджае ў турму іх лідараў, фактычна ліквідуе недзяржаўныя арганізацыі, называе тых, хто там працуе, «замежнымі агентамі» (…). І ўсё ж яму не ўдалося прымусіць маўчаць пратэсты. Магчыма, менавіта таму заявы Еўрапейскага Саюза ў падтрымку грузінскага народа сталі мацнейшымі і дакладнейшымі, чым калі-небудзь. І за гэта я глыбока ўдзячная», – дадала грузінская журналістка.
