У Беларусі з пачатку года ад кібермахляроў пацярпелі 140 непаўналетніх. Такія дадзеныя на прэс-канферэнцыі прывёў старшы інспектар па асаблівых даручэннях аддзела арганізацыі работы інспекцый па справах непаўналетніх упраўлення прафілактыкі галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі МУС Раман Бардзееў.
З гэтых 140 пацярпелых амаль траціна сутыкнулася з блакіроўкамі прылад.
“Хачу звярнуць асаблівую ўвагу, што 49 з іх пацярпелі ад блакіроўкі іх iCloud, а дакладней прылад Apple. Таксама 19 падлеткаў пацярпелі ад таго, што яны самі ж пераслалі зламыснікам свае фатаграфіі інтымнага зместу. Каб гэтыя фатаграфіі не трапілі ў школьныя чаты і не былі перасланы бацькам, у іх вымагалі грашовыя сродкі”, — расказаў ён.
Таксама ў гэтым годзе кібермахляры нацэліліся на непаўналетніх, прымушаючы іх рознымі пагрозамі “задэклараваць” сродкі бацькоў і выступіць у якасці кур’ераў.
