Еўракамісія лічыць дзеянні Беларусі па затрыманні літоўскіх грузавікоў непрымальнымі – Linava

Навіны
Фото: ГТК

Еўракамісія лічыць дзеянні Беларусі па затрыманні літоўскіх грузавікоў непрымальнымі і неабгрунтаванымі. Пра гэта паведамляе літоўская асацыяцыя перавозчыкаў Linava.

2 сакавіка асацыяцыя накіравала зварот у Еўракамісію наконт затрыманых у Беларусі транспартных сродкаў.

“На гэтым тыдні ЕК пацвердзіла, што дзеянні беларускіх уладаў, якія прывялі да затрымання транспартных сродкаў літоўскіх і іншых перавозчыкаў Еўрапейскага саюза, непрымальныя і неабгрунтаваныя, і гэтае пытанне ўжо разглядаецца на самым высокім узроўні ЕС і ўключана ў міжнародны парадак дня”, – гаворыцца ў паведамленні асацыяцыі.

Кіраўнік Linava Эрландас Мікенас падкрэсліў, што ў Беларусі засталіся актывы літоўскіх кампаній на мільёны еўра. Паводле яго слоў, прэцэдэнт уяўляе пагрозу для ўсіх перавозчыкаў.

“Еўрапейская камісія сумесна з Літвой і Польшчай ужо падымала гэтае пытанне ў Еўрапейскай эканамічнай камісіі ААН (ЕЭК ААН) і экспертнай групе AETR. Падчас абмеркаванняў было падкрэслена, што затрыманне транспартных сродкаў не мае законных падстаў і што Беларусь павінна неадкладна садзейнічаць іх вяртанню законным уладальнікам”, – дадалі ў асацыяцыі.

Linava працягне дамагацца вырашэння гэтага пытання не толькі дыпламатычнымі шляхамі, але і шляхам пошуку канкрэтных рашэнняў адносна кампенсацыі страт, панесеных перавозчыкамі.

Трэба адзначыць, што ўчора ў Мінску адбылася сустрэча прэм’ер-міністра Беларусі Аляксандра Турчына з дэлегацыяй літоўскіх і польскіх перавозчыкаў. Кіраўнік беларускага ўрада заявіў, што Мінск не імкнецца канфіскоўваць транспартныя сродкі. Пасля сустрэч намеснік міністра замежных спраў Ігар Сакрэта паведаміў, што рашэнне наконт грузавікоў можа быць прынята на працягу тыдня.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.