Былы супрацоўнік бабруйскай калоніі, які атрымаў нямецкае грамадзянства, адмаўляецца ад зносін з журналістамі

Галоўнае
Дмитрий Шинвизе, фото: база «Паспорт», Белпол

Журналісты нямецкага выдання Welt am Sonntag разыскалі былога супрацоўніка бабруйскай калоніі Дзмітрыя Шынвізе, які атрымаў нямецкае грамадзянства і цяпер жыве ў горадзе Шверын у Германіі. Яны сустрэліся з яго жонкай, але сам Шынвізе на кантакт не пайшоў.

Дзмітрый Рудольфавіч Шынвізе працаваў начальнікам аператыўна-рэжымнай часткі калоніі №2 у Бабруйску, дзе быў вядомы жорсткім абыходжаннем са зняволенымі, у тым ліку палітычнымі. У 2024 годзе ён пакінуў службу ў калоніі і перабраўся ў Германію па праграме рэпатрыяцыі нашчадкаў нямецкіх каланістаў, якая прапануе спрошчанае атрыманне грамадзянства Германіі, высветлілі СМІ.

Цяпер Шынвізе з жонкай жыве ў горадзе Шверын Заходняй Памераніі пад прозвішчам Schönwiese. Журналісты выдання прыйшлі дадому да сям’і. Дзверы адчыніла жонка Дзмітрыя. Даведаўшыся, у чым справа, яна патэлефанавала мужу. Дзмітрый забараніў ёй даваць журналістам свой нумар тэлефона. На пісьмовыя пытанні ён таксама не адказаў.

Пры атрыманні грамадзянства або хаця б прытулку ў Германіі Дзмітрый Шынвізе павінен быў пісьмова засведчыць, што ніколі не ўдзельнічаў у катаваннях і не здзяйсняў злачынстваў супраць чалавечнасці.

Ініцыятыва BELPOL накіравала інфармацыю пра Шынвізе ў Федэральнае міністэрства юстыцыі Германіі. У снежні 2025 года міністэрства адказала, што матэрыялы былі перададзены ў Федэральнае ведамства крымінальнай паліцыі.

Выданне паспрабавала даведацца пра ход справы ў Федэральным ведамстве крымінальнай паліцыі, але там «з меркаванняў абароны персанальных даных» адмовіліся прадастаўляць інфармацыю пра персанальныя даныя і не адказалі, ці вядуцца следчыя дзеянні.

Федэральнае адміністрацыйнае ведамства, адказнае за працэдуры, звязаныя з пазнейшымі перасяленцамі, таксама адмовілася каментаваць пытанні, якія датычацца персанальных даных. Паводле інфармацыі выдання, пры падачы заявы ў ведамства Шынвізе прадставіў дакументы, «з якіх яго дзейнасць не была адназначна зразумелая». Таксама ён указаў, што быў звольнены.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.