За новай рэкламнай кампаніяй «Крэатыўны код», якая пазіцыянуе сябе як найбуйнейшую ў Беларусі, стаіць нявестка Аляксандра Лукашэнкі Ганна Лукашэнка, вядомая пад псеўданімам Ганна Сялук. Гэта высветліла «Бюро» пры садзейнічанні «Кіберпартызанаў».
Кампанія была зарэгістраваная 22 кастрычніка 2025 года і займаецца дызайнам і размяшчэннем вонкавай рэкламы ў Мінску і абласных цэнтрах. На сённяшні момант бізнес разросся да паўнавартаснага медыяхолдынга, які займаецца стварэннем музыкі, прадзюсаваннем артыстаў, арганізацыяй дзяржаўных мерапрыемстваў і валодае трыма радыёстанцыямі.
Паводле інфармацыі выдання, сукупна 25% «Крэатыўнага кода» належаць структурам, звязаным з Ганнай Лукашэнка. З іх 15% запісана на «Музычную медыякампанію», дзе яна займае пасаду генеральнага прадзюсара. Яшчэ 10% аформлена на «АНСЛ прадакшн» — кампанію, уладальнікам якой лічыцца Андрэй Урублеўскі, топ-менеджар яе мужа Дзмітрыя Лукашэнкі. На думку «Бюро», Урублеўскі можа выступаць намінальным уладальнікам, хаваючы рэальны ўдзел нявесткі Лукашэнкі. Абрывіятура АНСЛ нагадвае ініцыялы АНны Сяргееўны Лукашэнкі, адзначаюць аўтары.
Астатнія 75% кампаніі належаць ЗАТ «КорусМедыя», зарэгістраванаму 31 кастрычніка 2025 года. Форма ўласнасці ЗАТ не прадугледжвае раскрыцця канчатковых бенефіцыяраў.
З кастрычніка па снежань 2025 года дырэктарам «Крэатыўнага кода» быў Павел Лёгкі — былы кіраўнік прэс-службы адміністрацыі Лукашэнкі, экс-намеснік міністра інфармацыі і былы саветнік-пасланнік пасольства Беларусі ў Маскве.
