“Беллегпрам” актыўна займаецца навядзеннем парадку на “Белвесце”

Галоўнае
Скриншот трансляции

“Беллегпрам” актыўна займаецца навядзеннем парадку на “Белвесце”, які працуе са стратамі. Таксама ёсць праблемы ў жодзінскага “Світанка”. Пра гэта на брыфінгу ў Нацыянальным прэс-цэнтры расказала кіраўніца канцэрна Надзея Лазарэвіч.

“Мы зараз максімальна займаемся навядзеннем парадку ў выглядзе рэструктурызацыі, вырашэння пытанняў па ўнутранай колькасці персаналу, па навядзенні парадку ў эканоміцы прадпрыемстваў. Што тычыцца асноўных, напэўна, такіх праблемных прадпрыемстваў, якімі мы зараз займаемся, гэта прадпрыемства “Белвест”. Ва ўсіх на слыху.

І мы зараз актыўна займаемся, скажам так, навядзеннем парадку на дадзеным прадпрыемстве. Гэта прадпрыемства, якое працуе зараз, на жаль, са стратай. Але шукаем шляхі вырашэння пытання для таго, каб усё ж такі выйсці на станоўчую дынаміку. Таксама ў нас зараз у дастаткова няпростай сітуацыі наша прадпрыемства ў Жодзіне “Світанак”. Таксама адпрацаваны асобны план мерапрыемстваў, дзе мы шукаем магчымасці выхаду на бясстратную працу”, — сказала яна.

Паводле яе слоў, ёсць станоўчыя прыклады, у прыватнасці пазітыўныя вынікі пасля аказанай падтрымкі паказваюць Баранавіцкае баваўнянае вытворчае аб’яднанне, фабрыка “8 Сакавіка”. Разам з тым у галіне застаецца яшчэ нямала праблемных прадпрыемстваў.

Лазарэвіч запэўніла, што ў канцэрне выдатна разумеюць, куды рухацца далей, і што рабіць, каб прадпрыемствы адчувалі сябе больш упэўнена.

Паводле яе слоў, у першым квартале экспарт “Беллегпрама” вырас у 1,5 раза. Тавары пастаўляюцца ў больш чым 60 краін свету. Асноўныя экспартныя пазіцыі — лён, скураныя вырабы, панчошна-шкарпэткавыя і гарсэтныя вырабы.

“Драйверам экспарту, зразумела, з’яўляецца РФ, 91% — гэта Расія”, — сказала яна.

Працягваецца развіццё сеткі “Да дому” ў Расіі. Быў адкрыты магазін у Санкт-Пецярбургу, канцэрн падбірае пляцоўку ў Казані.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.