Зяленскі загадаў дзейнічаць на апярэджанне па аб’ектах, якія Расія выкарыстоўвае для маштабавання вайны

Навіны
Скриншот видео t.me/V_Zelenskiy_official

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што загадаў разведцы і войску дзейнічаць на апярэджанне па аб’ектах, якія Расія выкарыстоўвае для маштабавання вайны.

“Я загадаў нашай разведцы і войску дзейнічаць на апярэджанне ў дачыненні да тых аб’ектаў, якія расіяне выкарыстоўваюць для пашырэння маштабаў вайны”, — паведаміў ён у вячэрнім звароце.

Паводле яго слоў, расійскае кіраўніцтва сцягвае пад Маскву, на Валдай і да Керчанскага моста ўсё больш сродкаў СПА за кошт аслаблення іншых напрамкаў.

“Толькі ў Маскоўскі рэгіён яны сцягнулі сотні пускавых установак для сістэм С-400, С-500 і «Панцыраў». На Валдай сцягнулі з іншых рэгіёнаў Расіі амаль 90 пускавых установак СПА, там яшчэ фармуецца спецыяльная дывізія СПА, каб ахоўваць спакой расійскага кіраўніцтва. Для параўнання: на ўсіх астатніх напрамках у Расіі, у іншых іх гарадах цяпер па некалькі пускавых установак. Такія прыярытэты. Абараняюць сваю ўладу — абараняюць крыніцу гэтай вайны”, — заявіў украінскі лідар.

Ён адзначыў дэфіцыт паліва і рэзкі рост цэн на бензін і дызель у расійскіх рэгіёнах.

“Расійскія спецслужбы ўжо нават прапануюць перанесці або ўвогуле адмяніць рытуал абрання «Адзінай Расіі» ў Дзяржаўную думу: іх чарговая імітацыя выбараў была запланаваная на верасень, і цяпер мы бачым па дакладах разведкі, што ў Расіі не ўпэўненыя ў правядзенні выбараў у верасні. Шмат складанасцяў, і толькі праз тое, што Пуцін адмаўляецца заканчваць сваю вайну і не прыслухоўваецца да нашых прапаноў аб сустрэчы, прапаноў аб рэальных перамовах і годным міры”, — падкрэсліў ён.

“Украіна ніколі не хацела вайны — усе гэта ведаюць з першага дня вайны. Мы хочам міру. Мы хочам справядлівасці для Украіны. Мы хочам гарантаванай бяспекі. Расійскае кіраўніцтва ведае, што годны мір магчымы, ведае, што акупацыя не можа быць узаконеная, ведае, што чым даўжэй доўжыцца вайна, тым цяжэй справіцца з яе наступствамі. Неабходна, каб Расія пайшла на мір — інструменты для гэтага ёсць”, — рэзюмаваў Зяленскі.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.