Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі раскрыў змест мірнага плана з 20 пунктаў. Пра яго ён расказаў на сустрэчы з журналістамі.
Як паведамляе «РБК-Україна», Зяленскі праінфармаваў, што абмяркоўваецца праект мірнага плана — палітычнага дакумента паміж Украінай, ЗША, ЕС і Расіяй. У плане ўтрымліваюцца адсылкі да іншых магчымых дакументаў. Сярод іх:
- трохбаковы дакумент па гарантыях бяспекі — Украіна, ЗША і Еўропа,
- двухбаковы дакумент — гарантыі бяспекі для Украіны ад ЗША.
- дарожная карта росквіту Украіны — прапрацаваны з ЗША дакумент па аднаўленні і эканамічным развіцці, утрымлівае бачанне развіцця да 2040 года.
Выданне таксама прыводзіць змест мірнага плана з 20 пунктаў са спасылкай на словы Зяленскага:
- Пацвярджэнне суверэнітэту Украіны.
- Прадугледжваецца безумоўнае пагадненне аб ненападзе паміж Расіяй і Украінай. Будзе створаны механізм маніторынгу на лініі судакранання.
- Украіна атрымае трывалыя гарантыі бяспекі.
- Колькасць Узброеных сіл Украіны — на ўзроўні 800 тысяч у мірны час.
- ЗША, НАТА і Еўропа прадаставяць Украіне гарантыі бяспекі па прыкладзе артыкула 5. Калі РФ уварвецца ва Украіну — будзе ваенны адказ і аднаўленне санкцый. Калі Украіна ўварвецца ў Расію або без правакацыі адкрые агонь па тэрыторыі Расіі — гарантыі бяспекі будуць ануляваныя. Калі Расія адкрые агонь па Украіне — гарантыі бяспекі ўступяць у сілу. «РБК-Україна» піша, што было дапаўненне аб кампенсацыі для ЗША за гарантыі, цяпер гэта выкраслена. Двухбаковыя гарантыі бяспекі не выключаныя ў межах гэтага пагаднення. У прыватнасці, краіны кааліцыі жадаючых могуць удзельнічаць у гарантыях бяспекі.
- Расія замацуе палітыку ненападу ў дачыненні да Еўропы і Украіны ва ўсіх неабходных законах.
- Украіна стане членам ЕС у пэўны канкрэтны час і атрымае кароткатэрміновы прывілеяваны доступ да рынку Еўропы. Членства ў ЕС для Украіны — частка гарантый бяспекі. Украіна хоча замацаваць таксама дату ўступлення ў ЕС.
- Прадугледжваецца трывалы пакет глабальнага развіцця для Украіны, які будзе вызначаны ў асобным пагадненні аб інвестыцыях, будзе ўключаць, у прыватнасці: фонд развіцця для інвеставання, развіццё газавай інфраструктуры, рэканструкцыю тэрыторый, здабычу карысных выкапняў, прыродных рэсурсаў.
- Будзе створана некалькі фондаў для вырашэння пытанняў аднаўлення. Мэта — прыцягненне 800 мільярдаў долараў.
- Пасля заключэння гэтага пагаднення Украіна паскорыць працэс заключэння пагаднення аб свабодным гандлі з ЗША. Пазіцыя Амерыкі — яны гавораць пра пагадненне аб свабодным гандлі з Украінай і пра пагадненне аб свабодным гандлі з Расіяй.
- Бяз’ядзерны статус Украіны.
- ЗАЭС. Кампраміс па гэтым пытанні не знайшлі. ЗША прапануюць сумеснае кіраванне паміж Украінай, ЗША і «рускімі» — тры бакі атрымліваюць дывідэнды. ЗША прапануюць «33% на 33% на 33%». І амерыканцы — галоўны менеджар. Кампрамісная прапанова Украіны: ЗАЭС эксплуатуецца сумесна ЗША і Украінай — 50 на 50. Але 50% вырабленай электраэнергіі даецца Украіне, а яшчэ 50% — ЗША самастойна вызначаюць сваё размеркаванне. Пры гэтым ЗАЭС, Энергадар і Кахоўская ГЭС павінны быць дэмілітарызаваныя.
- Украіна і РФ абавязваюцца ўкараняць адукацыйныя праграмы ў школах, ва ўсім грамадстве, якія спрыяюць разуменню і талерантнасці да розных культур, ліквідуюць расізм і перадузятасці. Украіна ўвядзе правілы ЕС па рэлігійнай талерантнасці і абароне моў меншасцей.
- Тэрыторыі. Адзначаецца, што гэта самы складаны пункт. Прапаноўвалася так — у Данецкай, Луганскай, Запарожскай, Херсонскай абласцях лінія размяшчэння войскаў на дату гэтага пагаднення з’яўляецца дэ-факта прызнанай лініяй судакранання. РФ павінна вывесці свае войскі з Днепрапятроўскай, Мікалаеўскай, Сумскай, Харкаўскай абласцей для ўступлення ў сілу гэтага пагаднення. Пазіцыя Украіны. Як патлумачыў Зяленскі, РФ хоча, каб Украіна выйшла з Данецкай вобласці, ЗША прапануюць кампраміс — свабодную эканамічную зону. Калі не будзе згоды на «стаім, дзе стаім», то свабодная эканамічная зона можа быць прынятая толькі шляхам рэферэндуму. Пры гэтым Зяленскі адзначыў, што ЗША хочуць рэферэндум, але, паводле яго слоў, на галасаванне трэба будзе выносіць увесь дакумент, а не асобнае пытанне. На рэферэндум патрэбна мінімум 60 дзён, і ён патрабуе рэальнага спынення агню на 60 дзён.
- Пасля ўзгаднення будучых тэрытарыяльных дамоўленасцей як РФ, так і Украіна абавязваюцца не змяняць гэтыя дамоўленасці сілай.
- Расія не будзе перашкаджаць Украіне выкарыстоўваць раку Дняпро і Чорнае мора для мэт камерцыйнай дзейнасці. Будзе заключана асобнае марское пагадненне і пагадненне аб доступе, якое будзе ахопліваць свабоду суднаходства і перавозак. У межах гэтага пагаднення Кінбурнская каса будзе дэмілітарызаваная.
- Для вырашэння адкрытых пытанняў будзе створаны гуманітарны камітэт. Абмен ваеннапалоннымі ўсіх на ўсіх, вяртанне грамадзянскіх закладнікаў, у тым ліку дзяцей і палітвязняў, вырашэнне праблем і пакут ахвяр канфлікту.
- Украіна павінна правесці выбары як мага хутчэй пасля падпісання пагаднення.
- Гэта пагадненне будзе юрыдычна абавязковым. Яго выкананне будзе кантралявацца, гарантавацца Саветам міру пад старшынствам Трампа. За парушэнне будуць прадугледжаныя санкцыі.
- Пасля таго як усе бакі пагодзяцца з гэтым пагадненнем, неадкладна ўступіць у сілу поўнае спыненне агню.
Мяркуецца, што Украіна вынесе пагадненне на ратыфікацыю парламента і/або правядзе ўсеўкраінскі рэферэндум для ўхвалення. Украіна можа вырашыць правесці выбары адначасова з рэферэндумам.
Пагадненне ўступіць у сілу пасля выканання абодвума бакамі сваіх абавязацельстваў. Гарантыі бяспекі ўступяць у сілу толькі пры ўмове поўнай ратыфікацыі пагаднення або яго ўхвалення рэферэндумам.