Мінскі абласны суд прысудзіў 37-гадовага жыхара Пухавіцкага раёна да 18 гадоў калоніі асаблівага рэжыму за забойства ветэрана 19-гадовай даўніны, паведамляе пракуратура Мінскай вобласці.
Паводле матэрыялаў справы, у ноч з 5 на 6 студзеня 2007 года п’яны абвінавачаны залез у дом 83-гадовага мужчыны ў вёсцы Светлы Бор. Ён знайшоў 250 тысяч недэнамінаваных рублёў, гадзіннік «Луч», дзяржаўныя ўзнагароды СССР, БССР і Беларусі.
Калі гаспадар дома заспеў абвінавачанага на месцы злачынства, хлопец штурхнуў пенсіянера і не менш за тры разы ўдарыў яго малатком па галаве. Пры гэтым ён ведаў пра ўзрост пацярпелага і яго інваліднасць (у мужчыны была інваліднасць II групы ў сувязі з захворваннем апорна-рухальнага апарату).
Пасля нападу на пенсіянера абвінавачаны пакінуў дом з грашыма і ўзнагародамі. Праз некалькі дзён пацярпелы памёр у бальніцы ад адкрытай чэрапна-мазгавой траўмы.
Абвінавачаны з 2010 па 2018 год некалькі разоў прыцягваўся да крымінальнай адказнасці, у тым ліку за разбой. Ён выйшаў на волю ў 2024 годзе і зноў здзейсніў злачынства ў той жа вёсцы. У маі 2025 года, распіваючы алкаголь у кампаніі, ён збіў гаспадыню дома і зламаў жанчыне сем рэбраў.
Мужчыну судзілі за забойства, спалучанае з разбоям, а таксама за прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання асобай, якая раней здзейсніла забойства. На судзе ён адмовіўся ад дачы паказанняў. Абвінавачаны атрымаў 18 гадоў у папраўчай калоніі асаблівага рэжыму. Прысуд не ўступіў у сілу і можа быць абскарджаны.