Жыхар Пружанскага раёна скраў пашпарт і сім-карту свайго знаёмага, аформіў крэдыты на тэхніку ў некалькіх анлайн-крамах і спаліў дакумент, спрабуючы схаваць сляды.
Як паведамляе Следчы камітэт, у жніўні 2025 года 32-гадовы абвінавачаны скраў сім-карту з тэлефона свайго 60-гадовага знаёмага, якога часам наведваў, а потым выкраў яго пашпарт.
Выкарыстоўваючы чужую сім-карту і дакументы, мужчына ад імя пацярпелага аформіў крэдыты на тэхніку ў анлайн-крамах. Ён набыў смартфоны, гукавыя панэлі, тэлевізар і робат-пыласос, якія затым перапрадаў, а атрыманыя грошы траціў на асабістыя патрэбы і казіно. Усяго ён набраў крэдытаў на 20 тысяч рублёў.
Пацярпелы стаў атрымліваць паведамленні з банка і папрасіў знаёмага вярнуць пашпарт і сім-карту. Абвінавачаны адмаўляў сваю датычнасць да выкраданняў і спаліў пашпарт знаёмага.
Пацярпелы звярнуўся ў міліцыю. У доме абвінавачанага знайшлі каробкі ад тэхнікі і чужую банкаўскую карту. Мужчына прызнаў віну. Устаноўлена, што ён нідзе не працаваў і меў судзімасці за выкраданні.
32-гадоваму жыхару Пружанскага раёна прад’яўлены абвінавачанні ў махлярстве, учыненым паўторна (ч. 2 арт. 209 КК), а таксама ў выкраданні і знішчэнні асабістых дакументаў (арт. 378 КК).
