«Тэрмін даўнасці паводле 342-га артыкула скончыўся, можна вяртацца ў Беларусь» — праваабарончая ініцыятыва Dissidentby тлумачыць, чаму гэта не так.
Артыкул 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) адносіцца да менш цяжкіх злачынстваў, тэрмін даўнасці па якіх складае пяць гадоў. Асноўныя паслявыбарчыя пратэсты прайшлі ў жніўні — лістападзе 2020 года, а значыць, тэрмін даўнасці фармальна скончыўся ў жніўні — лістападзе 2025 года.
Праваабаронцы тлумачаць, што небяспека вяртання ў Беларусь па-ранейшаму існуе.
1. Тэрмін «абнуляецца» пасля любога «новага злачынства».
Калі за гэтыя пяць гадоў чалавек здзейсніў новае злачынства, адлік па артыкуле 342 пачынаецца нанова з дня гэтага новага эпізоду. Пры гэтым «новым злачынствам» можа стаць нават каментар, данат або рэпост, якія абнуляць пяцігадовы тэрмін.
2. «Новае злачынства» можа стварацца штучна.
Сілавікі пачалі выкарыстоўваць новы механізм «прыцягнення да адказнасці». Чалавека выклікаюць нібыта для таго, каб закрыць старую справу паводле артыкула 342. Тэлефон пры ўваходзе не забіраюць, але затым з кабінета адпраўляюць яго «на экспертызу», а самога чалавека могуць затрымаць на суткі, пакуль яна праводзіцца. І ў тэлефоне «знаходзяць» матэрыялы па іншым артыкуле. Пасля гэтага тэрмін даўнасці па артыкуле 342 пачынае адлічвацца з даты новага эпізоду.
3. Тэрмін даўнасці прыпыняецца, калі чалавек знаходзіцца ў вышуку.
Калі чалавек хаваецца ад сілавікоў або суда, плынь тэрміну даўнасці прыпыняецца і аднаўляецца толькі з дня затрымання чалавека або яго яўкі з павіннай. Калі супраць вас узбудзілі крымінальную справу і абвясцілі ў вышук, вашы «пяць гадоў» маглі ўвогуле не ісці. Чалавек лічыць, што тэрмін даўнасці даўно скончыўся, а насамрэч адлік спыніўся ў той дзень, калі яго пачалі шукаць.
4. Нават спыненне справы не робіць чалавека «чыстым».
Вядомыя выпадкі, калі чалавека судзілі, выносілі рашэнне «вызвалены ад крымінальнай адказнасці ў сувязі са сканчэннем тэрміну даўнасці» — і ўсё роўна ўключалі ў «спіс экстрэмістаў» з усімі наступнымі наступствамі.
Для тых, хто ўжо асуджаны паводле артыкула 342 і адбывае пакаранне, заканчэнне тэрміну даўнасці нічога не змяняе.
«Не змяняйце свае правілы бяспекі, грунтуючыся на гэтым міфе. Калі вы разглядаеце магчымасць вяртання, спачатку пракансультуйцеся з юрыстамі і праваабаронцамі», — папярэджваюць праваабаронцы.
