Расія аказвае ціск на Беларусь з мэтай пашырэння ўдзелу Мінска ў вайне супраць Украіны. Пра гэта піша The Wall Street Journal са спасылкай на былых і цяперашніх расійскіх і еўрапейскіх чыноўнікаў.
Паводле інфармацыі газеты, сярод патрабаванняў Масквы — выкарыстанне тэрыторыі Беларусі для нанясення ўдараў беспілотнікамі па Украіне, пашырэнне лініі фронту і адцягванне ўкраінскіх войскаў. Альтэрнатывай можа быць нетрадыцыйная аперацыя супраць суседзяў па НАТА.
Былы супрацоўнік расійскай разведкі, дасведчаны пра перамовы паміж Расіяй і Беларуссю, заявіў WSJ, што Масква аказвае ціск на Беларусь, пагражаючы спыніць фінансавую падтрымку, ад якой залежыць Мінск. Ён заявіў, што большасць размоў адбывалася паміж Лукашэнкам і паслом Расіі ў краіне Барысам Грызловым.
Разам з тым выданне адзначае, што няма ніякіх прыкмет таго, што РФ у найбліжэйшы час плануе выкарыстоўваць Беларусь для ваеннай аперацыі. Аднак крыніцы WSJ сцвярджаюць, што такая магчымасць існуе. Паводле іх слоў, такая аперацыя не абавязкова будзе ўяўляць сабой звычайны ваенны напад. Гэта можа быць атака, накіраваная на праверку абароназдольнасці НАТА або падрыў падтрымкі Украіны. У якасці прыкладу яны прыводзяць масавы залёт расійскіх беспілотнікаў у Польшчу летась, значная частка якіх ляцела з боку Беларусі.