Палітвязень Сцяпан Латыпаў у трэці раз паспрабаваў пакончыць з сабой, паведамляе праваабарончы цэнтр “Вясна”.
Паводле даных праваабаронцаў, у ліпені 2025 года яго перавялі з магілёўскай турмы № 4 у папраўчую калонію № 22 “Воўчыя норы”, дзе адразу змясцілі ў штрафны ізалятар, а затым у памяшканне камернага тыпу. Там Латыпаў парэзаў сабе вены, пасля чаго яму наклалі швы. Вядома, што падчас зняволення палітвязень прасіў аб адзіночным утрыманні.
Паводле інфармацыі “Вясны”, у памяшканні камернага тыпу не было разеткі, кіпень давалі двойчы на дзень. Прыблізна ў верасні 2025 года Латыпава зноў перавялі ў турму. Сам Сцяпан нібыта казаў, што не бачыць сэнсу ў жыцці і не вытрымае яшчэ аднаго тэрміну ў турэмным рэжыме.
Нагадаем, Стэпан Латыпаў — арбарыст, жыхар Плошчы Перамен. Яго затрымалі ў верасні 2020 года, асудзілі на 8,5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму і аштрафавалі на 300 базавых велічынь. Яго абвінавацілі ў стварэнні дваровага тэлеграм-чата, майстэрні па вырабе пратэснай сімволікі, супраціве супрацоўнікам міліцыі. Акрамя таго, як дырэктара кампаніі «Беларбо» яго прызналі вінаватым у махлярстве. Ні па адным з эпізодаў палітвязень віны не прызнаў.
Першую спробу суіцыду Латыпаў здзейсніў летам 2021 года проста ў зале суда, уткнуўшы ручку сабе ў шыю. Пасля аперацыі яго змясцілі ў следчы ізалятар № 1.
У калоніі Латыпаў падвяргаўся ціску з боку адміністрацыі — яго змяшчалі ў штрафны ізалятар і памяшканне камернага тыпу. У знак пратэсту ён глытаў лязо і зноў рэзаў сабе вены. Пасля гэтага восенню 2022 года рэжым утрымання яму змянілі і на два гады перавялі ў магілёўскую турму № 4.
